МІНСК, 5 чэр — Sputnik. Універсам "Цэнтральны" выстаўлены на продаж за 9 мільёнаў 833 тысячы 800 долараў без ПДВ, гаворыцца на сайце кампаніі "НП-Сэрвіс".
Універсам, які размяшчаецца ў самым цэнтры Мінска на праспекце Незалежнасці, расчыніў свае дзверы перад пакупнікамі ў 1977 годзе. Кампанія "НП-Сэрвіс", якая належыць Івану Беразоўскаму, набыла "Цэнтральны" ў 2014 годзе.
Зараз у самай вядомай краме беларускай сталіцы працуе каля 250 чалавек. У мінулым годзе гандлёвая зала цалкам абнавіла сваё аблічча пасля маштабнага рамонту. Прэзентацыя "Цэнтральнага" пасля рамонту прайшла пры ўдзеле сталічных уладаў.
Бізнэсмэн Іван Беразоўскі ўваходзіць у топ-200 самых уплывовых беларускіх прадпрымальнікаў. "Штодзённік" адводзіць яму ў сваім рэйтынгу 39-ы радок.
Акрамя ўніверсама "Цэнтральны", бізнесмэну належыць гандлёвая сетка з пяцідзесяці харчовых магазінаў пад агульнай назвай "Хатні".
У пачатку бягучага года ў дачыненні да "НП-Сэрвіс" была распачата справа, кампанію падазраюць у нявыплаце падаткаў на суму каля 1 мільёна долараў.