Беларуска з Германіі прывезла ў Мінск калекцыю мастакоў Парыжскай школы

© Sputnik / Алеся ШершневаГрафіка Марка Шагала
Графіка Марка Шагала - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Графіку таленавітых беларусаў Святлана Філатава пачала збіраць некалькі гадоў таму.
МІНСК, 6 чэр — Sputnik. Беларуска з Германіі Святлана Філатава прывезла ў Мінск уласную калекцыю графікі мастакоў Парыжскай школы. Выстава "Героі. Праведнікі. Артысты" адкрылася напярэдадні ў сталічнай галерэі "Арт Беларусь".
Уладальніца калекцыі Святлана Філатава
Святлана жыве ў Германіі ўжо 28 гадоў, але падкрэслівае, што ў душы засталася беларускай. Менавіта гэтым яна і тлумачыць сваю зацікаўленасць творчасцю мастакоў, якія таксама нарадзіліся ў Беларусі.
"Калі я пачынала збіраць графіку Парыжскай школы, рабіла гэта толькі для сябе. Так атрымалася, што гэтая калекцыя сфарміравалася за пяць гадоў, але пакуль не ўбачыла яе ў галерэі, нават не здагадвалася, што валодаю такім выдатным зборам", — падзялілася яна сваімі ўражаннямі.
Калекцыя прадстаўляе некалькі графічных серый Марка Шагала, Восіпа Цадкіна, Восіпа Любіча і Якава Балглея.
Першая частка выставы — "Героі" — распавядае пра Цадкіна і яго знакамітую серыю "Подзвігі Геракла", у якой стыль мастака выдатна спалучыўся з антычнай міфалогіяй. Другая пад назвай "Праведнікі" на прыкладзе работ Шагала і Балглея паказвае ўплыў яўрэйскай рэлігійнай традыцыі на мастацтва, а трэцяя — "Артысты" — расказвае пра цыркавое мастацтва вачамі Любіча. Цыкл акватынт "Цырк", дарэчы, вельмі рэдкія работы, якія ва ўсім свеце існуюць толькі ў некалькіх экзэмплярах.
Карціны Святлана набывае на нямецкіх аукцыёнах, таму што "так атрымліваецца танней, чым у галерэях". Пачаткам стала літаграфія Шагала "Аголеная з кветкамі".
"Спачатку я проста хацела мець штосьці ў сябе, а потым у працэсе збору атрымалася, што па гэтай калекцыі можна меркаваць аб графіцы мастакоў Парыжскай школы", — распавяла яна.
Агульны кошт калекцыі Святлана не называе, таму аб лічбах можна толькі здагадвацца. Па словах уладальніцы, калекцыя будзе папаўняцца.
Стужка навiн
0