МІНСК, 11 чэр — Sputnik. Беларуская бягуха Аліна Талай атрымала бронзу на этапе "Брыльянтавай лігі" ў Стакгольме, але гатовая паляпшаць свой вынік, паведамляе Sputnik.
Напярэдадні беларуска ў забегу на 100 метраў з бар'ерамі прыйшла да фінішу трэцяй (12,55 секунды). Другой стала спартсменка з Ямайкі Даніэль Уільямс (12,48), золата заваявала амерыканка Брыяна Макнамі (12,38).
"12,55 не ў самай аптымальнай форме. Стомленасць адбіваецца як на разгоне да першага бар'ера, так і на ўсёй дыстанцыі. Але для такога самаадчування і ў гэтай кампаніі — гэта моцна. Рада гэтаму выніку і з нецярпеннем чакаю наступнага старту, дзе змагу паказаць яшчэ лепшы час", — напісала Талай на сваёй старонцы ў Instagram.
Наступны этап "Брыльянтавай лігі" адбудзецца 30 чэрвеня ў Парыжы.
Нагадаем, у Аўстрыі на міжнародных спаборніцтвах Liese Prokop Memorial беларуска ўстанавіла нацыянальны рэкорд — 12,41.