МІНСК, 13 чэр — Sputnik. Цёплае надвор'е чакаецца ў бліжэйшыя тры дні ў Беларусі, месцамі па краіне нарэшце пройдуць доўгачаканыя дажджы, паведамілі ў сераду ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Засушлівае надвор'е ўсталявалася ў краіне з канца мая, што паўплывала на сельскую гаспадарку: спецыялісты канстатуюць істотнае памяншэнне вільгаці ў глебе, якое прывяло да запаволення росту асноўных сельгаскультур. З-за засухі ў большасці раёнаў Беларусі грамадзянам забаранілі наведваць лясныя ўгоддзі ў мэтах прафілактыкі пажараў у прыродных сістэмах.
Паводле інфармацыі сіноптыкаў, да канца працоўнага тыдня надвор'е ў Беларусі будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, сфарміраваная ў няўстойлівай паветранай масе.
Так, у чацвер 14 чэрвеня месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы з навальніцамі, ноччу тэмпература паветра складзе ад 8 да 14°С, днём павысіцца да +24°С, а па поўдні Беларусі — да +28°С.
У пятніцу і суботу зноў чакаюцца кароткачасовыя ападкі, у асобных раёнах з навальніцамі, а днём па-ранейшаму будзе цёпла — ад +21 да +28°С.