Расійскае аналітычнае агенцтва ТурСтат апублікавала топ-ліст самых папулярных месцаў для летняга адпачынку ў СНД у 2018 годзе. У лік пяці найбольш запатрабаваных турыстамі напрамкаў увайшлі курорт Бурабай (Баравое) у Казахстане, возера Ісык-Куль у Кыргызстане, возера Нарач у Беларусі, пляжы Більге ў Баку на ўзбярэжжы Каспійскага мора ў Азербайджане і возера Севан ў Арменіі.
Гэтыя кірункі многія гады карыстаюцца стабільным попытам, у тым ліку і ў расіян, але калі б пра курорты СНД давалася больш інфармацыі і рэкламы, паток турыстаў быў бы больш істотным, чым цяпер, адзначыла ў гутарцы на радыё Sputnik камерцыйны дырэктар Расійскага нацыянальнага тураператара "Алеан" Аксана Булах.
"Зараз мы можам казаць пра тое, што з'яўляецца і развіваецца інфраструктура. Але ў СНД "усё ўключана" пакуль не прынята, гэта не той фармат, за якім едуць на гэтыя курорты. І фарматы гатэляў, і самі гатэлі яшчэ ў стадыі развіцця, ды і прадстаўнікі сусветных і еўрапейскіх аператараў зноў жа практычна не прапануюць кліентам фармат "усё ўключана", — распавяла Булах.
Па словах суразмоўніцы, большая частка турыстаў, якія наведваюць найбольш папулярныя курорты ў СНД, — гэта людзі, якія калісьці жылі ў Савецкім Саюзе.
"Апошнія 10 гадоў тэма настальгічнага турызму на тэрыторыі СНД набірае абароты. Прычым гэта два пакаленні — людзі, якія там былі ў маладосці, і іх дзеці і ўнукі, якія хочуць паглядзець месцы, натхнёныя апавяданнямі бацькоў ці бабуль", — адзначыла Булах.
Сярод пераваг курортаў СНД эксперт назвала параўнальна невысокі кошт адпачынку, акцэнт на экалогіі, блізкасць культур жыхароў краін СНД, адсутнасць моўнага бар'ера і народную гасціннасць.
Каментар камерцыйнага дырэктара Расійскага нацыянальнага тураператара "Алеан" Аксаны Булах слухайце на радыё Sputnik Беларусь.