МІНСК,15 чэр — Sputnik. У дзень старту галоўнай спартыўнай падзеі года ў сталічным рэстаране-бровары "Сябры" пачала працу Sputnik Fan Zone: карэспандэнт Sputnik правёў разам з заўзятарамі першы матч з серыі захапляльных паядынкаў.
Першы матч — паміж зборнымі Расіі і Саудаўскай Аравіі. Госці пачалі збірацца ў добра знаёмай футбольным прыхільнікам установе Мінска за гадзіну да гульні: перакусіць каўбаскамі і брэтцэлямі, маральна падрыхтавацца.
"Расія сур'ёзна падыйшла да пытання падрыхтоўкі: на цырымонію адкрыцця прыбылі каля 20 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін свету. Перакананы, што гэту важную падзею Расія правядзе з годнасцю", — адзначыў саветнік-пасланнік пасольства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Вадзім Гусеў, вітаючы публіку.
На яшчэ пустых століках у прасторным шатры Sputnik, які стаў часткай тутэйшага "біргардэна", — таблічкі "Reserved": па словах гасцей, вольных месцаў не было ўжо напярэдадні матчу.
"Віншую з вялікім футбольным святам, атрымлівайце асалоду ад цырымоніі адкрыцця! На працягу ўсяго спаборніцтва Sputnik будзе разыгрываць прызы: іх атрымаюць самыя актыўныя і вясёлыя заўзятары", — паабяцаў кіраўнік інфармацыйнага агенцтва і радыё Sputnik Беларусь Андрэй Качура.
У апошнія хвіліны перад адкрыццём настрой заўзятарам паднялі запальныя танцы — шоу прывезлі з сабой госці з Бразіліі. Было горача, нягледзячы на дождж: заўзятары, якія ўжо пачалі сумаваць у чаканні, ажывіліся дзякуючы самбе ад выдатных дзяўчын пад акампанемент традыцыйных бразільскіх барабанаў. Хтосьці нават падняўся з месцаў, каб далучыцца да танца.
"Я шчаслівы, што патрапіў на гэтае цудоўнае свята: вельмі радасна, што мы сабраліся сёння тут. Футбол называюць прыгожай гульнёй, таму і прыемна, што папярэдні праходзіў у прыгожай Бразіліі, а ў гэтым годзе перабраўся ў не менш прыгожую Расію", — адзначыў пасол Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія ў Беларусі Паула Антоніа Перэйра Пінта.
За пяць хвілін да пачатку гульні былі занятыя ўсе сталы — госці сабраліся, каб паназіраць за прамой трансляцыяй. Яна аб'яднала ўсіх неабыякавых, якія па розных прычынах не трапілі на трыбуны. Няма сумненняў: у спецыяльна арганізаванай фан-зоне Sputnik яны атрымалі тыя ж самыя эмоцыі і драйв.
"Мы вельмі чакалі гэту падзею — заўсёды сочым за ўсімі матчамі, плануем працягваць. Нашы сябры засталіся назіраць за гульнёй з дому, але мы іх не падтрымалі і зусім не пашкадавалі — тут жа азарт амаль такі ж, як каля футбольнага поля!" — падзялілася са Sputnik пара заўзятараў з Мінска.
Футбол вакол, куды ні павярні галаву. Беларускія фанаты назіраюць за гульнёй з устаноўленых экранаў: самы прыкметны знаходзіцца на самай сцэне, астатнія, больш кампактныя, занялі месцы па ўсім перыметры.
У запале ад першага гола грыміць стук піўных куфляў; адусюль раздаюцца ўражанні ад гульні і карысныя парады ў адрас гульцоў. Калі скончыліся першыя 45 хвілін, госці хутка асвоіліся і перасталі саромецца ўдзельнічаць у гутарках, суправаджаючы іх задаволенымі сэлфі ў гонар двух забітых Расіяй галоў.
"Фантастычна пачалі, мы не спадзяваліся на такі шыкоўны першы тайм! Гэта ўсё — выдатная нагода выйсці ў свет. Надвор'е адпачынку не замінае — на пляцоўцы для фанатаў суха і цёпла, а галоўнае, весела — шмат аднадумцаў навокал", — падзяліліся ўражаннямі ў вялікай кампаніі сталічных заўзятараў.
У перапынку паміж таймамі за цікавыя і каштоўныя прызы ад Sputnik пазмагаліся заўзятары і знаўцы футбола.
З прывітаннем ад Станіслава Чарчэсава, які ўзначальвае нацыянальную зборную Расіі, на першы матч прыехаў беларускі і савецкі футбаліст, заслужаны трэнер БССР Міхаіл Вергяенка: ён заўзеў за Расію разам са Sputnik і павіншаваў Чарчэсава з першай пераканаўчай перамогай зборнай.
"Не кожны можа выехаць на стадыён, таму прыемна, што сёння магчымасць адпачыць на пляцоўцы для заўзятараў — не раскоша. Абмен думкамі знаўцаў — частка футбольнай культуры, гэта вельмі цікава", — адзначыў ён.
На думку Вергеянкі, мяркуючы па ўзроўні і падбору гульцоў, у каманды Расіі ёсць усе шанцы дайсці да адной чацвёртай.
"У фінал, я думаю, патрапіць Германія; а пасля зменаў у трэнерскім штабе трэба ўважліва глядзець і на Іспанію — вельмі моцны склад. У Бразіліі будзе магутная каманда, Аргентыну і Францыю таксама нельга скідаць з рахункаў. Могуць быць і ўсялякія нечаканасці", — выказаў меркаванне ён.
Sputnik Fan Zone будзе сустракаць заўзятараў цэлы месяц — падчас усіх будучых матчаў: паглядзець футбол у добрай кампаніі можна ў рэстаране-бровары "Сябры" на вуліцы Кульман, 40. Колькасць месцаў абмежаваная, так што варта браніраваць столікі па тэлефоне +375 (33) 636-58-58.