У пятніцу мусульмане па ўсім свеце пачалі адзначаць свята разгавення Ураза-байрам, які з'яўляецца завяршэннем святога месяца Рамадан. Мусульмане Беларусі не выключэнне: яны сабраліся на намаз у адзінай саборнай мячэці Мінска, размешчанай на вуліцы Грыбаедава. Там пабываў і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь Мастафа Авейсі.
Вернікі віншуюць адзін аднаго словамі: "Ід мубарак!" — "Дабраславёнага свята!" Па традыцыі, гэты дзень пачынаюць з малітвы і завяршаюць урачыстай трапезай. Вячэру і весялосць неабходна падзяліць са сваякамі, сябрамі і суседзямі, незалежна ад таго, да якога веравызнання яны належаць. Лічыцца таксама, што падчас Ураза-байрама трэба праяўляць міласэрнасць у адносінах да бедных.