МІНСК, 18 чэр — Sputnik. Беларускі металургічны завод у Жлобіне правядзе 23 чэрвеня дзень адчыненых дзвярэй, падчас якога адбудуцца разнастайныя экскурсіі, выставы, конкурсы і выступленні, паведамляе прэс-служба БМЗ.
"Пачнецца свята ў 10:00 з раздачы дзецям больш за 500 маршрутных карт для квэста "Прыйсці! Убачыць! Атрымаць!". Рабяты павінны прайсці па названым маршруце і, зрабіўшы адпаведныя адзнакі, атрымаюць у падарунак мяккіх Зубрыкаў у майках з лагатыпам БМЗ", — распавялі на прадпрыемстве.
Усе юныя госці БМЗ прымуць удзел у акцыі "Юны дырэктар". Сярод тых, хто ўдзельнічае ў своеасаблівай гульні генеральны дырэктар завода Анатоль Савянок пры дапамозе лёсавання абярэ свайго часовага пераемніка. "Дырэктар на дзень" зможа выдаць свой загад, уладкавацца ў кабінеце і, вядома, атрымаць прыз.
Не менш цікавым абяцае стаць конкурс кіроўцаў пагрузчыкаў "Спрытныя манеўры". Для гасцей завадскога свята будуць працаваць спецыяльныя фотазоны і завадскі музей. У ходзе агляднай экскурсіі па БМЗ можна будзе пазнаёміцца з вытворчым працэсам на металургічным заводзе.
Прафсаюзны камітэт завода падрыхтаваў сюрпрыз у выглядзе выступу сярэднявечных рыцараў. Рэканструктары пакажуць прыёмы валодання мячом і лукам, а таксама правядуць конкурсы.
Адмысловымі гасцямі на свяце БМЗ стануць 25 выхаванцаў Жлобінскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра (дзіцячага прытулку).
"Падчас свята будзе таксама арганізаваны збор сродкаў на лячэнне Дар'і Сержан, якая пакутуе вострым лімфабластным лейкозам. Каб атрымаць шанец пазмагацца за жыццё ў нямецкай клініцы, дзяўчынцы неабходна сабраць 280 тысяч еўра", — адзначылі ў прэс-службе завода.
Усе сабраныя ў рамках акцыі сродкі будуць пералічаныя на дабрачынны рахунак дзяўчынкі.