МІНСК, 21 чэр — Sputnik. Карціна беларускага мастака-авангардыста Казіміра Малевіча "Пейзаж" была прададзеная на аўкцыёне Christie's за 10,4 мільёна долараў, паведамляе аўкцыённы дом.
Манументальны "Пейзаж", упершыню паказаны шырокай публіцы на "Маскоўскім салоне" ў 1911 годзе, адносіцца да "Чырвонай серыі" работ Казіміра Малевіча, якая характарызуецца энергічнымі мазкамі і экспрэсіўнасцю каляровых рашэнняў.
На карціне намаляваны сялянскія хаты ў асяроддзі стылізаваных дрэў. Лічыцца, што Казімір Малевіч напісаў "Пейзаж" пад уплывам палотнаў Сезана.
"Яны адсылаюць гледача да фавізму і кубізму і разам з гэтым прадугадваюць рух мастака да супрэматызму", — адзначылі ў аўкцыённым доме.
У 1927 годзе карціна экспанавалася ў Берліне, дзе і засталася пасля вяртання мастака ў Расію. Пасля вайны "Пейзаж" быў набыты Базельскім мастацкім музеем, дзе ён знаходзіўся больш за 50 гадоў, пасля чаго вярнуўся да наследнікаў мастака, якія вырашылі прадаць карціну.
Работы Малевіча заўсёды высока ацэньваюцца на аўкцыёнах. Ледзь больш за месяц таму яго "Супрэматычная кампазіцыя" была прададзеная за рэкордныя 85,8 мільёна долараў.