Каля двух тыдняў таму народная артыстка Беларусі Ядвіга Паплаўская у інтэрв'ю на тэлеканале АНТ узгадала спрэчку вакол некаторых песень Эдуарда Ханка, якая цягнецца ўжо больш за год. У прыватнасці, спявачка сказала, што ў песні першасны тэкст, а не музыка, а таксама "ўкалола" кампазітара, распавёўшы, што Ханок ніколі не прыносіў артыстам ноты.
"Пачнем з таго, што многія спевакі ў шоў-бізнесе нават нот не ведаюць. Зараз клавіры ніхто не прыносіць, прыносяць дэмазапіс. Дарэчы, прыносіў я ёй дэмазапіс, зроблены на яе студыі. Так што калі яна скардзіцца на якасць — хай скардзіцца на сябе. Усё ўжо супакоілася, але яна зноў падымае. І ніякіх больш дыскусій не будзе. Зараз я чытаў тое, што людзі кажуць, і балдзеў. Я зразумеў, што адзінае, што вырашыць канфлікт, гэта суд. А публіка заўсёды будзе на баку артыста", — кажа Ханок.
Кампазітар пацвердзіў блізкі працэс супраць народнага артыста Беларусі Анатоля Ярмоленкі, а таксама распавёў пра тое, што ўся гісторыя і развіццё канфлікту з артыстамі стане асновай для яго новай кнігі, якая можа апынуцца на прылаўках кнігарняў ужо ў пачатку восені.
Гутарку з кампазітарам Эдуардам Ханком слухайце ў аўдыёзапісы радыё Sputnik Беларусь.