МІНСК, 2 ліп — Sputnik. Прадстаўнічыя ваенныя дэлегацыі з Кітайскай Народнай Рэспублікі і Расійскай Федэрацыі прыбылі ў Мінск для ўдзелу ў святочных мерапрыемствах з нагоды Дня Незалежнасці, паведамілі ў Міністэрстве абароны Беларусі.
Кітайскую дэлегацыю ўзначальвае начальнік штаба Пекінскага гарнізона Народна-вызваленчай арміі Кітая генерал-маёр Лю Шысюй. У панядзелак з генерал-маёрам Лю Шысюям сустрэўся намеснік міністра абароны Беларусі генерал-маёр Сяргей Патапенка. Бакі абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння.
Дэлегацыя таксама наведала Мінскую ваенную камендатуру, дзе сустрэлася з вайскоўцамі кітайскага атрада ганаровай варты, якія прымуць удзел у парадзе 3 ліпеня ў Мінску. У праграме візіту ваеннай дэлегацыі таксама наведванне музея Вялікай Айчыннай вайны і ўдзел ва ўрачыстым сходзе і святочным канцэрце з нагоды Дня Незалежнасці. Яны таксама будуць прысутнічаць і на парадзе 3 ліпеня.
Сярод ганаровых гасцей, якія будуць знаходзіцца на трыбунах падчас праходжання войскаў Мінскага гарнізона, будзе і расійская ваенная дэлегацыя. Яе ўзначальвае першы намеснік камандуючага Паветрана-дэсантнымі войскамі Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі, Герой Расіі генерал-лейтэнант Мікалай Ігнатаў.
У панядзелак адбылася сустрэча Ігнатава з міністрам абароны Беларусі генерал-лейтэнантам Андрэем Раўковым.
Бакі абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва, у тым ліку ўзаемадзеянне паміж сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Паветрана-дэсантных войскаў Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі.