Дзень вышыванкі, які ў мінулым годзе набыў статус афіцыйнага свята, адзначаюць у Беларусі 2 ліпеня. Але ці маюць рацыю тыя, хто называе вышыванку візітнай карткай беларуса? Карэспандэнт Sputnik Анастасія Ваўчок распытала этнографаў пра гісторыю і значэнне вышытага і тканага арнаменту ў беларускім адзенні.
Што такое вышыванка
Калі спытаць шараговага грамадзяніна, ён, напэўна, адкажа, што вышыванка – гэта традыцыйная кашуля з арнаментам, вышытым па вораце і рукавах. Малодшае пакаленне можа ўзгадаць папулярныя майкі з адпаведным прынтам. Але Марыя Віннікава, кандыдат мастацтвазнаўства, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі лічыць, што не ўсякая вышыўка або прынт адпавядаюць традыцыі, і нават сам тэрмін з'яўляецца новым для Беларусі.
"У мінулым годзе на многіх удзельніках свята вышыванкі я ўбачыла сарочкі або блузкі, вышытыя блакітнымі ніткамі. Да і размяшчаліся арнаментальныя матывы не заўсёды там, дзе ім належала быць", — панаракала мастацтвазнаўца.
Для беларускага арнаменту ўласцівы ў першую чаргу чырвоны колер. Ён заўсёды атаясамліваўся з колерам агню, сонца, жыцця, колерам радасці. Чырвоны колер мае абярэгавы сэнс, а ўжо да яго маглі дадаваць нейкія іншыя колеры, у тым ліку і блакітны. Чорны колер увогуле з'яўляецца ў аздабленні адзення ўжо бліжэй да ХХ стагоддзя. Канешне, сустракаюцца прадметы адзення, вышытыя цалкам чорнымі альбо блакітнымі ніткамі, але гэта тычыцца вузкалакальных традыцый, альбо значэння, якое майстрыха надавала вышыўцы.
"У Столінскім раёне адна жанчына паказала мне сарочку сваёй маці, усю вышытую блакітным колерам. Я спытала, чаму так. Яна кажа: справа ў тым, што мая мама ткала і шыла з чырвоным арнаментам, а калі загінуў яе сын, яна перастала выкарыстоўваць чырвоны колер", — расказвае Марыя Віннікава.
Новыя старыя матывы вышыўкі
Дарэчы, традыцыйная беларуская сарочка можа быць і не вышыванай, а ўпрыгожанай тканым арнаментам: найбольш архаічным — у выглядзе папярочных чырвоных палосак, якія на манжэтах рукавоў, на падоле сарочкі і спадніцы замыкаюцца ў круг, альбо ромба-геаметрычным. І тканы і вышываны дэкор размяшчаўся на тых месцах адзення, якія, па ўяўленнях нашых продкаў, трэба засцерагаць ад усялякага неспрыяльнага ўздзеяння, у першую чаргу нябачнага, энэргетычнага.
"Дарэчы, што такое ромб? Гэта той жа круг, які тэхналагічна вышыць або выткаць амаль што немагчыма. Калі вы прыйдзеце да бабулі ў вёсцы і ўбачыце там вытканы ў ромбікі абрус, спытайце, як называецца гэты ўзор. Яна вам ніколі не скажа "ў ромбы" – яна такога тэрміна не ведае. Яна б сказала "ў кругі", таму што замкнутая фігура – гэта той самы круг. А што такое круг? Гэта і агароджа, якая ахоўвае ад розных злодзеяў і шкоднікаў, і яснае сонейка, што атаясамліваецца з божім жыватворным святлом і бароніць ад розных нячысцікаў", — тлумачыць агульную сімволіку арнаменту Марыя Віннікава.
Але ромба-геаметрычны арнамент вельмі разнастайны. Што азначае той ці гэты рамбічны матыў ці іншы элемент узора? На мой погляд, тут цяжка даць адназначны адказ.
"Я скажу "а", што гэты гук азначае? Гук "у", ці яшчэ які? Але спалучэнне розных гукаў дае нам магчымасць выказаць свае думкі, размаўляць. Арнамент – гэта таксама мова, але мы не можам выцягнуць адзін канкрэтны знак і сказаць: вось гэта азначае тое. Кожны элемент узора ўключаны ў агульную кампазіцыю, якая падпарадкавана прызначэнню прадмета адзення", — кажа мастацтвазнаўца.
Яна дадае, што ўжо ў пачатку ХХ стагоддзя тыя майстрыхі, якія вышывалі або ткалі, не ведалі, што азначаюць канкрэтныя сімвалы. Яны рабілі так, як і іх продкі, бо ведалі агульны дабразычлівы сэнс арнаментальнага аздаблення і выхоўваліся на мясцовых традыцыях. Але кожная майстрыха ўносіла і нешта сваё, і часам давала сваім узорам асацыятыўныя назвы. Напрыклад, у вёсцы Неглюбка, што ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці, дзе доўга захоўвалася традыцыя ткацтва, майстрыха можа сказаць пра арнамент на ручніках: гэта "самавар", гэта "яблык", гэта "мышыная сцежка". Але новыя матывы з асацыятыўнымі назвамі ўкладаліся ў традыцыйныя мясцовыя кампазіцыі, ствараючы вобраз менавіта неглюбскага ручніка.
Калега Марыі Віннікавай, малодшы навуковы супрацоўнік музея Аляксандр Галкоўскі, лічыць, што нягледзячы на тое, што значэнні ў большасці элементаў страчаны, сучасная "вышымайка", на якой з'яўляецца нават неабавязкова традыцыйны арнамент, сведчыць пра невуцтва шараговаха грамадзяніна:
"Як можна адзін і той жа ўзор прынта выкарыстоўваць на дзіцячым адзенні і адзенні дарослага, жанатага і нежанатага, а ў нас гэта павальна", — абураецца ён.
Увогуле наконт "вышымаек" меркаванне спецыялістаў падзялілася.
"Што такое традыцыя? Яна ўвесь час мянялася – у залежнасці ад новых матэрыялаў, фабрычных тканін. Але маркер нейкі ішоў, нейкі стрыжань. І калі ён губляецца, атрымоўваецца "вышымайка". Таму я супраць такіх прынтаў. Тых, хто робіць рэплікі с арыгінальных народных строяў, нямнога, а кожнаму шарагоўцу ты не будзеш тлумачыць, што арнамент не такі і не там. Але калі зацыклівацца "трэба так і не іначай", што мы будзем прасоўваць у масы?" — задаецца пытаннем Аляксандр.
Марыя Віннікава не зусім згодная з такім бачаннем.
"Вельмі добра, што моладзь звярнулася да арнаментальных традыцый. Я б сказала, што зараз ідзе пошук згубленых нацыянальных каштоўнасцяў. Тэрмін "вышымайка" мне не падабаецца, але падабаюцца прынты, якія зроблены з густам і папулярызуюць сапраўдныя беларускія традыцыі", — кажа мастацтвазнаўца і дадае, што набыць майку з прынтом значна танней, чым зрабіць рэпліку аўтэнтычнай сарочкі.
Але і прызначэнне ў іх рознае. Майку з прынтам можна насіць і з джынсамі, а вырываць традыцыйную сарочку з кампазіцыйна дасканалага строю Марыя Віннікава лічыць цалкам няправільным.
Сучаснае адзенне з беларускім арнаментам не павінна цалкам капіраваць аўтэнтычныя рэчы, але трэба ведаць першакрыніцы і ўважліва і таленавіта падыходзіць да іх інтэрпрэтацыі.
У нашым строі няма нічога выпадковага
Практычна ўсе часткі традыцыйнага беларускага адзення, якія бытавалі ў XIX – XX стагоддзях, існавалі ўжо ў ХІ-м. Так, жаночы строй складаўся з сарочкі, фартуха, спадніцы, пояса і галаўнога ўбору, якому надавалася асаблівае значэнне, і які ў дзяўчат і замужніх жанчын быў розным.
Сарочку рабілі прамой, без усялякіх вытачак, непрыталенай, таму, каб пад ёй не гуляў вецер і было цяплей і утульней, яна падпяразвалася поясам — звычайна чырвонага колеру з шарсцяных нітак. Ён лічыўся і фізічным абярэгам, і духоўным.
"На Палессі адна бабуля сама мне сказала: ты ведаеш, сарочка павінна закрываць шыю, локці і калені. А калі мы ўдумаемся, гэта самыя балючыя і ўязвімыя часткі нашага цела", — тлумачыць Марыя Віннікава.
У мужчынскім адзенні сарочка таксама была доўгай, часам закрывала калені, і абавязкова падпяразвалася.
"Лічылася грахом для мужчын хадзіць без пояса. Ён мог выйсці на вуліцу босым, але абавязкова з поясам. Выраз "распаясацца" азначае не проста зняць з сябе пояс, а пераступіць межы дазволенага. Без пояса, як без крыжа, нельга было з'яўляцца на людзях. Таму калі ў спектаклі "Адвечная песня", які быў пастаўлены ў Тэатры беларускай драматургіі, на сцэну выйшлі беларускія мужыкі ў доўгіх палатняных сарочках, але без паясоў, мяне гэта, мякка кажучы, здзівіла", — распавядае мастацтвазнаўца.
Палатно белае, таму што яно атаясамлівалася з белым светам, божай апекай, а выраз "нарадзіўся ў сарочцы" значыць, што чалавек ад нараджэння быў пад аховай вышэйшых сіл. А там, дзе гэтая апека заканчвалась, трэба было паставіць мяжу. Гэтай мяжой становіцца арнамент – нават просценькі, з чырвоных палосачак.
"Калі сталі даступнымі па кошту фабрычныя тканіны, а местачковая мода пачала выцясняць сялянскае адзенне, новыя тэхналогіі накладваліся на традыцыйную кампазіцыйную і колеравую аснову. Напрыклад, спадніцы пачалі шыць з аднатонных баваўныных тканін, а падолы іх ўпрыгожваць нашытымі каляровымі стужкамі замест натканых палосак. З’явіліся новыя варыяты строяў. Яны таксама адпавядалі мясцовым традыцыям, але былі адаптаванымі да эканамічных магчымасцяў і патрабаванняў часу", — тлумачыць Марыя Віннікава.
У верасні ў музей на практыку прыходзяць студэнты з Акадэміі мастацтваў, якія ў будучым стануць мадэльерамі, дызайнерамі па касцюмах, і мастацтвазнаўца адразу прапануе ім не ўтыкацца ў арнамент, а адысці далей, каб убачыць строй у цэлым.
"Зараз у нас існуе штрых-код. Я лічу, што наш традыцыйны арнамент – пазіцыйна – з'яўляўся гэтым штрых-кодам. Здалёк можна было пазнаць, з якой мясцовасці чалавек: па агульным сілуэце, спосабах нашэння галаўнога ўбору, прапарцыянальных суадносінах і характару гэтага арнаменту", — расказвае Марыя Віннікава.
Пра кожны элемент нацыянальнага касцюма можна распавядаць вельмі доўга, таму што ён насычаны сэнсавым зместам, які зараз бадай што забыты. Акрамя таго, па назіраннях мастацтвазнаўцы, традыцыйны касцюм станоўча ўздзейнічае на чалавека. Марыя Віннікава кажа, што неаднойчы на свае вочы бачыла і дзівілася кожны раз, як мяняецца чалавек у сапраўдным традыцыйным строі.
Мастацтвазнаўца лічыць традыцыйны беларускі касцюм вельмі інфарматыўны. На працягу стагоддзяў у ім выпрацоўвалася сама кампазіцыя строю, яго сілуэт, размяшчэнне арнаменту на розных кампанентах адзення, і тое, што арнамент чырвонага колеру.
"А якую інфармацыю нясе тая "вышыванка", блакітнымі ніткамі вышытая? Ці можна лічыць яе беларускай? Ці перадае яна адметнасці традыцыі якой-небудзь мясцовасці? Ці захоўваецца ў ёй душа беларускага народа? А калі не, то чаму мы пазіцыяніруем гэтую з’яву як сімвал беларускасці? Калі прыглядзецца, бачна, што традыцыйны касцюм – у кожнага народа, не толькі ў беларусаў, — гэта цэльны комплекс і цэлы космас. А выхопліваць з комплексу асобную рэч, да яшчэ і далёкую ад сапраўдных традыцый, і ўзводзіць гэта ў рэспубліканскае свята, мне падаецца неабгрунтаваным", – падводзіць вынік мастацтвазнаўца.
Марыя Віннікава нагадала, што ў Літве мінулы 2017 год быў абвешчаны годам нацыянальнага касцюма, што пасадзейнічала яго вывучэнню і папулярызацыі. Чаму б і нам не ўзяць прыклад з нашых суседзяў?