МІНСК, 5 ліп — Sputnik. З 10 жніўня грамадзяне Беларусі змогуць прыязджаць у Кітай без візы, а кітайскія грамадзяне на аналагічных умовах наведваць РБ. Пра пачатак дзеяння пагаднення аб бязвізавым рэжыме паміж краінамі паведаміў у Твітэр пасол Беларусі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы Кірыл Руды.
"З 10 жніўня 2018 года ўступае ў сілу пагадненне аб узаемным 30-дзённым бязвізавым рэжыме паміж Беларуссю і Кітаем", — напісаў Руды.
С 10 августа 2018 года вступает в силу соглашение о взаимном 30-дневном безвизовом режиме между Беларусью и Китаем. pic.twitter.com/qx3dFG5oAT
— Кирилл Рудый (@kvrudy) 5 июля 2018 г.
Згодна з дакументам, беларускія грамадзяне змогуць уязджаць у КНР тэрмінам да 30 дзён без візы. У каляндарным годзе па бязвізе можна будзе правесці ў краіне да 90 дзён.
Пагадненне пра бязвізавы рэжым паміж Беларуссю і Кітаем было падпісана ў чэрвені падчас візіту беларускай дэлегацыі на чале з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам на саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Ціндаа.
Напрыканцы чэрвеня старшыня пастаяннай камісіі па міжнародных справах ніжняй палаты парламента Валерый Варанецкі анансаваў журналістам, што ў бліжэйшы час дакумент пройдзе ўсе працэдуры, будзе ратыфікаваны парламентам і падпісаны прэзідэнтам, і бязвіз з Кітаем запрацуе на працягу бліжэйшага месяца.