МІНСК, 5 ліп — Sputnik. Беларуская тэнісістка Вера Лапко (№82 у сусветным рэйтынгу) пацярпела паражэнне ў другім крузе Уімблдонскага турніру, паведамляе Sputnik.
У 1/32 фіналу турніру Лапко сустракалася з немкай Юліяй Гергес (13). Паядынак завяршыўся з лікам 2:6, 6:3, 2:6. Саперніцай прадстаўніцы Германіі ў 1/16 будзе самая моцная ў пары Леся Цурэнка (Украіна, 34) — Барбара Стрыцава (Чэхія, 23).
Нагадаем, у сераду барацьбу ў адзіночным разрадзе Уімблдона завяршыла экс-першая ракетка свету Вікторыя Азаранка (87), якая саступіла чэшцы Караліне Плішкавай (8). А на два дні раней Арына Сабаленка (32) развіталася з Уімблдонам пасля першага раўнда.
Такім чынам, з чатырох беларусак, якія стартавалі на турніры, засталася толькі Аляксандра Сасновіч (50). Сёння яна выйдзе на корт супраць амерыканкі Тэйлар Таусэнд (73).