МІНСК, 6 ліп — Sputnik. Першыя грыбы пачалі з'яўляцца ў лясах Беларусі, паведамляюць аматары ціхага палявання ў сацыяльных сетках.
З-за засушлівага пачатку лета грыбны сезон у рэспубліцы ссунуўся на месяц: грыбы пачалі расці толькі напачатку ліпеня — пасля моцных дажджоў.
Як паведамляюць жыхары Мінскай вобласці, у лясах ужо з'явіліся лісічкі — звычайныя і белыя, падбярозавікі, а таксама летнія апенькі.
Паводле інфармацыі грамадзян, якія пражываюць на Гомельшчыне, у вобласці з грыбамі справа ідзе лепш — там акрамя звыклых лісічак і чырвонагаловікаў у лясах знаходзяць першыя белыя.
Як раней распавялі Sputnik спецыялісты, пасля працяглых дажджоў, якія прайшлі ў Беларусі ў канцы мінулага і пачатку гэтага тыдня, грыбы павінны з'явіцца ў лясах па ўсёй рэспубліцы.