МАГІЛЁЎ, 7 ліпеня — Sputnik, Марыя Зуева. Уладзіслаў Старыковіч — выхаванец Магілёўскай абласной спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву па шахматах і шашках. Займаецца нядоўга — з мінулай восені. Аднак шасцігадовы хлопчык адразу паказаў, што здольны на многае. На першым кваліфікацыйным турніры атрымаў чацвёрты разрад, на другім — трэці. Прычым з лепшымі паказчыкамі, выйграў амаль усе партыі з ліку згуляных. І гэта ўлічваючы, што супернікамі па турнірах былі выхаванцы школы ад сямі да 14 гадоў.
Улад ужо чэмпіён вобласці сярод хлопчыкаў да васьмі гадоў. Прадстаўляў рэгіён на Чэмпіянаце Беларусі па шахматах.
"Старэйшыя дзеці дзівяцца, што з імі гуляе такі малы. Яго ў школе і клікалі адразу "малы". Таму што маленькі. І ўзростам, і ростам. Потым зразумелі, што малы з сакрэтам", — распавяла мама Улада Вераніка Мікалаеўна.
Яшчэ ў самым раннім дзяцінстве ва Улада, успамінае мама, з'явілася вялікая цікаўнасць да лічбаў. Любімым заняткам двухгадовага хлопчыка на вуліцы былі не гульні ў пясочніцы, а педантычнае вывучэнне аўтамабільных нумароў. Малы, які яшчэ не ўмеў гаварыць, гадзінамі хадзіў сярод машын і тыкаў пальчыкам у нумар, просячы маму называць лічбу, на якую паказвае. З шахматамі хлопчыка пазнаёмілі у чатыры гады. У пяць ён ужо абгульваў тату і дзядулю. У шахматную школу набіраюць з шасці гадоў. Уладзіслава Старыковіча адразу не хацелі браць, не дарос. Па патрабаванні родных правялі прагляд, пасля чаго яго адразу ж залічылі ў групу юных шахматыстаў.
Сёння Улад, як і ўсе хлапчукі, вядома, любіць машынкі, самалёцікі, лега. Але ў яго свеце дзіцячых гульняў асаблівае месца займаюць лагічныя задачкі, рэбусы і рашэнне шахматных пазіцый. Ён з задавальненнем некалькі разоў на тыдзень наведвае шахматную школу. Не перашкаджае і тое, што, па сутнасці, з вёскі ездзіць у абласны цэнтр даводзіцца за 20 кіламетраў.
У сям'і Старыковіч не было выдатных шахматыстаў. Мама — хімік, тата працуе дальнабойнікам. Але ў іх доме заўсёды з вялізным разуменнем ставіліся да падвышанай дапытлівасці сына. Ні адно пытанне Улада ніколі не заставалася без адказу.
"Я вучуся разам з ім. Ён пытаецца, я заўсёды адказваю. Калі пра лейкацыты, значыцца, пра лейкацыты. Зацікавілі атамы, значыць, будзем вывучаць атамы. Не ведаю — шукаю ў інтэрнэце. Мы ўсё гэта разбіраем. Нам і карысна, і цікава, і так адбываецца ўвесь час. У нас у сям'і не прынята называць сына вундэркіндам. Так атрымалася, што з дзяцінства ён заўсёды ўмеў ставіць перад сабой мэту і дасягаць яе. А мы яму ў гэтым дапамагаем", — падзялілася субяседніца.
Дарэчы, адной з мэтаў Улада на чэмпіянаце вобласці па шахматах, акрамя тытула, быў грашовы прыз. Хлопчык абавязкова хацеў зарабіць свае першыя грошы і займець 25 рублёў выйгрышу. І ў яго гэта атрымалася.
"Грошы яму былі патрэбныя, таму што ён хацеў купіць кнігу пра шхматах, якая яму вельмі спадабалася. Выйграў і купіў", — дадала мама Улада.
Хлопчык выдатна лічыць. Складае, памнажае, спрабуе вырашаць прыклады ў два дзеянні. Прычым усё ў розуме. Бацькі яго ўжо пачынаюць "тармазіць". Гэтай восенню ў школу. Баяцца, каб у першым класе Уладу не было сумна.
Сёння юны шахматыст спрабуе навучыць гульні малодшага брата Максіма. Але той пакуль не надта зацікавіўся. Як высветлілася, у хлопчыка ўжо ёсць захапленне: Максім вывучае космас. Ды так, што ў чатыры з паловай гады ён ужо ведае не толькі ўсе планеты і іх спадарожнікі, але і касмічныя адлегласці паміж імі. Мабыць, у сям'і Старыковіч лёс такі — гадаваць вундэркіндаў.