МІНСК, 10 ліп — Sputnik. Першая турыстычная група з 14 чалавек пабывала з экскурсіяй на першай атамнай станцыі ў Беларусі, паведамілі ў эфіры АНТ.
"Экскурсія на станцыю — прыватная ініцыятыва аднаго з жыхароў Кальвеляя — Івана Чапуковіча. Калісьці выпускнік Віленскага інжынерна-будаўнічага інстытута ўдзельнічаў у будаўніцтве Ігналінскай АЭС. Ён напісаў ліст у беларускае пасольства ў Літве. Пасля гэтага яго і аднавяскоўцаў запрасілі ў Беларусь", — распавялі ў сюжэце.
Першая турыстычная група на БелАЭС цалкам літоўская. Усе турысты жывуць літаральна непадалёк ад атамнай станцыі, але па іншы бок мяжы. Наведаўшы станцыю, яны на свае вочы пераканаліся ў тым, як адказна і адкрыта ставіцца беларускі бок да будаўніцтва АЭС.
Пасля таго, як Літва была вымушана закрыць Ігналінскую АЭС, балтыйскай рэспубліцы даводзіцца імпартаваць электраэнергію. Пры гэтым літоўскія палітыкі вельмі негатыўна рэагуюць на ўсе пытанні, звязаныя з будаўніцтвам БелАЭС.
У Вільні афіцыйна заявілі, што не стануць закупляць электрычнасць, вырабленую на першай Беларускай атамнай станцыі, бо лічаць яе небяспечнай, не прымаючы да ўвагі пазітыўную ацэнку ад МАГАТЭ.
"Відаць, літоўскаму ўраду прыйдзецца купляць. Яны пагодзяцца на беларускую энергію. Тое, што яна небяспечная — гэта выдумка палітыкаў. Пройдзе гэты ажыятаж. Надуманы міф", — выказаў меркаванне літоўскі турыст Іван Чапуковіч.
Літаральна нядаўна Беларусь атрымала заключэнне міжнародных экспертаў адносна стрэс-тэстаў на БелАЭС, якое таксама носіць пазітыўны характар.
У наступным годзе на атамнай станцыі ў Астраўцы будзе запушчаны першы рэактар. У 2020 годзе ў строй будзе ўведзены другі рэактар станцыі. Будаўніцтва першай АЭС у Беларусі ідзе па найноўшаму праекту Расатама, які мае самыя высокія ступені абароны і бяспекі, што пацвярджаецца ацэнкай міжнародных экспертаў.