МІНСК, 11 ліп — Sputnik. Падача дакументаў у ВНУ стартуе ў Беларусі з 12 ліпеня. У прыёмныя камісіі падаюцца атэстаты, меддаведкі і іншыя дакументы, але самыя галоўныя з іх — сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання (ЦТ). Менавіта гэтыя балы потым сумуюцца з атэстатам, па суме адзнак вы ўдзельнічаеце ў конкурсе на паступленне.
Пасля атрымання сваіх вынікаў некаторыя абітурыенты выказваюць нязгоду са сваімі баламі: лічаць, што ацанілі няўдала, ці хочуць "пераздаць" тэсціраванне. Ці можна гэта зрабіць?
Парадак правядзення ЦТ выразна рэгламентаваны адпаведнай пастановай Саўміна Беларусі ад 06.06.2006 г. №714, а таксама іншымі нарматыўнымі актамі.
Так, у Палажэнні аб прыёмнай камісіі вышэйшай навучальнай установы, зацверджаным Мiнадукацыi, выразна гаворыцца пра пераздачы: "Пераздача ўступных іспытаў (этапа) не дазваляецца".
У самой жа пастанове аб парадку правядзення ЦТ, як і ў іншых нарматыўных актах, не прадугледжваецца магчымасць прайсці тэст паўторна або аспрэчыць тое, як ацанілі вашы адказы — зрабіць гэта немагчыма.
Калі ў абітурыента ёсць сумненні ў тым, ці правільна ацанілі і праверылі яго бланк адказаў ЦТ, то дакумент можна паглядзець у Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў — там будзе відаць, якія адказы былі дадзены і якія з іх правільныя.
Правярае бланкі цэнтралізаванага тэсціравання з адказамі камп'ютар, таму суб'ектыўнасць ці іншыя "асобасныя" фактары выключаныя. Ацэнка ж падлічваецца па пэўнай формуле, у якой "кошт" аднаго задання залежыць ад колькасці правільных адказаў: у рамках ЦТ даецца не абсалютная ацэнка ведаў абітурыента, а яго ранжыраванне адносна іншых.