МІНСК, 12 ліп — Sputnik. Прыём дакументаў у некаторыя ВНУ пачаўся 12 ліпеня, тэрміны іх падачы адрозніваюцца ў залежнасці ад навучальнай установы.
Выпускнікі профільных педагагічных класаў могуць падаваць дакументы на адпаведныя спецыяльнасці з 12 па 14 ліпеня.
У ВНУ, для паступлення ў якія неабходна здаць дадатковы ўнутраны экзамен, уступныя выпрабаванні пройдуць у наступныя тэрміны:
— з 18 па 21 ліпеня — у Акадэміі МУС, Магілёўскім інстытуце МУС, Універсітэце грамадзянскай абароны МНС;
— з 18 па 26 ліпеня — у Акадэміі мастацтваў, Акадэміі музыкі, Універсітэце культуры;
— з 18 па 24 ліпеня — у іншых ВНУ.
Залічэнне на бюджэт будзе доўжыцца па 28 ліпеня, у сілавых ВНУ — па 24-е, у творчых — па 28 ліпеня.
Абітурыенты, якія паступаюць на платнае навучанне і не здаюць уступныя экзамены, могуць падаваць дакументы да канца ліпеня — пачатку жніўня. Тэрміны ў розных ВНУ адрозніваюцца: так, тыя хто паступае ў Акадэмію МУС, Магілёўскі інстытут МУС, Універсітэт грамадзянскай абароны МНС, павінны падаць дакументы да 31 ліпеня, у творчыя ВНУ можна падаваць дакументы да 2 жніўня, а ў асобныя — да 4 жніўня.
На платнае аддзяленне ў звычайных ВНУ будуць залічаць па 6 жніўня, у сілавых — па 2 жніўня, у творчых — па 3 жніўня. Уступная кампанія ў гэтым годзе завершыцца 6 жніўня.
Прыём дакументаў на завочную форму навучання ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю пройдзе з 15 лістапада па 5 снежня. Экзамены на вочную форму навучання пройдуць з 18 па 25 ліпеня, на завочную — з 6 па 15 снежня.