ВІЦЕБСК, 13 ліп — Sputnik. У праграме "Квартала", які праходзіць у рамках "Славянскага базару", чакаюцца спектаклі, канцэрты, вулічныя перформансы і пастаноўкі.

У гэтым годзе фестываль для дзяцей і дарослых "Лялечны квартал" святкуе сваё пяцігоддзе. Колькасць удзельнікаў праекта расце — у праграме спектаклі калектываў з Беларусі, Расіі і Украіны.

Фестывальны вечар адкрылі гучна і драйвова. Для гледачоў з канцэртам выступіў гурт з Магілёва — Jazz City Band, які ўжо не першы раз прыязджае ў горад на Дзвіне.

На пляцоўцы побач з тэатрам "Лялька" гасцей віталі артысты на хадулях, запрашаючы дзяцей і дарослых танцаваць разам з музыкамі. І калі ў самым пачатку вечара гледачы стаялі ў баку, то да канца прадстаўлення бацькі, не саромеючыся, падпявалі са сваімі дзецьмі каверам вядомых музычных кампазіцый. А з вокнаў тэатра выглядалі казачныя персанажы, насельнікі квартала: чароўны Джын, прыгажуні з розных краін, мудрагелістыя дактары і проста пацешныя суседзі.

"Вельмі нечакана ўбачыць такое шоу на пляцоўцы каля тэатра. Мы ўжо ўзялі квіткі на спектакль "Церамок", які пакажуць артысты з Казані. Упэўненыя, будзе цікава", — падзялілася Ганна.

Пасля прадстаўлення гледачоў, якія набылі квіткі на выступ Арэнбургскага дзяржаўнага абласнога тэатра лялек, запрасілі ў залу.

Арганізатары "Лялечнага квартала" адзначаюць, што ў гэтым годзе на форуме чакаецца шмат сюрпрызаў. У рамках фестывалю пройдзе ўнікальны парад лялек, які можа ўвайсці ў Кнігу рэкордаў Гінэса.