МІНСК, 20 ліп — Sputnik. Чатырохкратная алімпійская чэмпіёнка па біятлоне Дар'я Домрачава ўзяла ўдзел у цырымоніі гашэння паштовых марак "Медалісты XXIII зімовых Алімпійскіх гульняў у Пхенчхане", паведамляе карэспандэнт Sputnik.
Урачыстае мерапрыемства адбылося ў пятніцу ў Нацыянальным алімпійскім камітэце (НАК) Беларусі. У рамках цырымоніі былі прэзентаваныя серыі паштовых марак "Медалісты XXIII зімовых Алімпійскіх гульняў у Пхенчхане" і паштовага блока "Медалісты XII зімовых Паралімпійскіх гульняў у Пхенчхане".
Удзел у мерапрыемстве прынялі Дар'я Домрачава, Надзея Скардзіна, Дынара Алімбекава, Ірына Крыўко, Святлана Саханенка, Юрый Голуб, Дзмітрый Лобан і Лідзія Графеева.
"Ад усёй душы хочацца падзякаваць нашай пошце за выпуск марак з нашымі алімпійскімі медалістамі, які ўжо стаў традыцыйным. Асабіста ад сябе хачу пажадаць, каб традыцыя рукапісных лістоў працягвалася і лісты неслі ў сабе самыя добрыя навіны і прапановы. А маркі з нашымі партрэтамі занялі пачэснае месца ў калекцыі філатэлістаў ўсяго свету", — сказала самая тытулаваная беларуская біятланістка.
"Вельмі ганарова быць на марках. Гэта значыць увайсці ў гісторыю сваёй краіны назаўсёды", — адзначыла Надзея Скардзіна.
"Для мяне гэта вялікі гонар. Прымаю ў такім мерапрыемстве ўдзел упершыню, для мяне гэта цікава і хвалююча", — распавяла Ірына Крыўко.
"Вельмі прыемна і ганарова знаходзіцца тут сярод лепшых. Дзякуй!" — адзначыла Дынара Алімбекава.
Дарэчы, партрэты Домрачавай і Скардзіна ўжо друкаваліся на паштовых марках у 2014 годзе пасля Гульняў у Сочы.
Цікава, што на сучасных паштовых марках намалявана нямала айчынных спартсменаў, сярод якіх Вікторыя Азаранка, Максім Мірны, Ала Цупер, Антон Кушнір, Юлія Несцярэнка, Кацярына Карстэн.