Золата знайшлі, ёсць адзнакі плаціны: што адшукалі ў нетрах Беларусі

Падпісацца
Праявы золата знайшлі на досыць вялікіх глыбінях на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна.

МІНСК, 20 ліп — Sputnik. Адзнакі золата, плаціны і медзі выявілі геолагі ў Беларусі, заявіў журналістам намеснік начальніка ўпраўлення па геалогіі Мінпрыроды Васіль Колб.

Шукаць паклады карысных выкапняў у нетрах рэспублікі заклікаў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка міністра прыродных рэсурсаў Андрэя Худыка пры прызначэнні. Раней такую ж задачу ведамству прэзідэнт ставіў і пры іншых кіраўніках. Нарэшце Мінпрыроды пахвалілася сваімі знаходкамі.

"Былі пошукавыя працы ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці, па выніках якіх выдзелены перспектыўны ўчастак Зуберава. На досыць вялікіх глыбінях — ад 300 да 500 метраў — выяўленыя праявы золата. Зараз неабходна правесці поўны цыкл геолагаразведачных работ", — распавёў прадстаўнік ведамства.

Участак ужо ўнеслі ў пералік прапанаваных для перадачы ў канцэсію для заключэння дагавора аб пошукавых работах і папярэдняй выведцы. Па словах Колба, канцэсіянер пакуль не знойдзены.

"Акрамя золата, на тэрыторыі Беларусі ёсць праявы медзі і плаціны. Плаціна зафіксавана на ўчастку Зуберава. Ёсць таксама перспектывы па выяўленні радовішчаў уранавых руд. Плошчы былі выяўленыя яшчэ гадоў 20 таму, але далейшыя работы па выяўленні радовішчаў прыпыненыя ў сувязі з тым, што яны дастаткова стратныя і патрабуюць добрага эканамічнага абгрунтавання", — сказаў на заканчэнне ён.

Акрамя каштоўных металаў, гаручага і ўрану ў нетрах рэспублікі шукаюць і іншыя карысныя выкапні. Некалькі гадоў назад навукоўцы аб'яўлялі аб магчымасці выяўлення ў рэспубліцы алмазаў і іншых каштоўных камянёў, аднак пакуль іх знойдзена не было.

Стужка навiн
0