МІНСК, 24 ліп — Sputnik. Першая ў гісторыі кніга пад назвай "Буквар" пабачыла свет 400 гадоў таму. Месцам нараджэння стала адно з самых старажытных выдавецтваў у ВКЛ — друкарня Віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва ў мястэчку Еўе.
Сёння ў свеце існуюць толькі два арыгіналы першага "Буквара". Адзін — няпоўны, але добра захаваны — у Каралеўскай бібліятэцы ў Капенгагене, другі — самы лепшы — у бібліятэцы ў цэнтры Лондана. Тлумачыцца такая "незахаванасць" тым, што нашы продкі зачытвалі гэтыя кнігі да дзірак.
У самае сэрца Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі беларускі "Буквар" трапіў дзякуючы чалавеку, які скупаў азбукі і буквары на розных экзатычных мовах для ўласнай калекцыі.
Дарэчы, англічане нават не ведалі, якім скарбам валодаюць, бо першы беларускі "Буквар" ніхто з іх не мог прачытаць. На тытульным лісце арыгінала чарніламі было проста напісана "Кніга на славянскай мове".
Чытайце ў інтэрв'ю з намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесем Сушам, якому давялося на ўласныя вочы пабачыць унікальнае выданне, як і чаму вучыліся нашы продкі.