МІНСК, 27 ліп — Sputnik. Чвэрць абітурыентаў, якія ў бягучым годзе атрымалі 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні, вырашылі вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі, паведамілі ў прэс-службе ВНУ.
Паводле інфармацыі Міністэрства адукацыі Беларусі, у 2018-м па выніках праходжання ЦТ у рэспубліцы было зафіксавана 392 вышэйшых выніка, пры гэтым 16 абітурыентаў атрымалі 100 балаў адразу па двух прадметах.
"Чвэрць ад агульнага ліку стобальнікаў у Беларусі падалі дакументы ў БДУІР", — сказалі ў прэс-службе ўніверсітэта.
Там таксама ўдакладнілі, што ў БДУІР прынялі дакументы ад 97 такіх абітурыентаў. Пры гэтым шэсць чалавек з двума "соткамі" на ЦТ ужо залічаны ў ВНУ.
У прэс-службе расказалі, што ў чацвер, 26 ліпеня, рэктар БДУІР Вадзім Богуш падпісаў загад аб залічэнні на "бюджэт" — у ВНУ прынялі 1265 першакурснікаў.