МІНСК, 28 ліп — Sputnik. Самая тытулаваная біятланістка Беларусі Дар'я Домрачава распавяла аб нядаўняй сямейнай паездцы на завод БелАЗ у сваім Instagram.
"А вы ведаеце каму належыць рэкорд кнігі Гінэса ў намінацыі "Самы вялікі аўтамабіль"? ТАК-ТАК-ТАК!!! Гэта наш БЕЛАЗ!!! Я ведала, што гэтыя аўтамабілі велізарныя, але і ўявіць сабе не магла, што яны настолькі велізарныя", — прызналася cпартсменка.
Акрамя таго, Домрачава апублікавала фота свайго мужа Уле-Эйнара Б'ёрндалена каля 450-тоннага самазвала, падкрэсліўшы, што нават чалавек ростам 179 сантыметраў у параўнанні з аўтамабілем выглядае вельмі маленькім. Таксама яна размясціла фота сертыфіката, які пацвярджае, што яна асвоіла першапачатковы курс ваджэння кар'ернага самазвала.
"Было выдатна пракаціцца на гэтым монстры!", — падзялілася эмоцыямі ад знаходжання за рулём самага вялікага кар'ернага самазвала ў свеце Дар'я Домрачава.
Нагадаем, на днях былая біятланістка Дар'я Домрачава і яе муж — самы тытулаваны біятланіст ў свеце — Уле-Эйнар Б'ёрндален пабывалі з экскурсіяй на заводзе БелАЗ у Жодзіне. Яны не толькі ўбачылі, як вырабляюць самыя вялікія кар'ерныя самазвалы ў свеце, але і пракаціліся за рулём па завадскім палігоне.