МІНСК, 31 ліп — Sputnik. Беларускі памочнік камбайнера з Брэсцкай вобласці Васіль Лемяшэўскі завёў канал пра свае аграрныя будні на YouTube.
Уборачная кампанія працягваецца ў Беларусі. Акрамя афіцыйных зводак пра колькасць сабранага ўраджаю ад чыноўнікаў і з эфіраў тэлеканалаў, сачыць за ёй можна і ў маладзёжным фармаце — у інтэрнэце.
Так, Васіль Лемяшэўскі з Брэсцкай вобласці завёў свой канал на YouTube "Будні камбайнера". На сваіх відэа хлопец паказвае ход уборкі ўраджаю і беларускую пастараль, а таксама робіць агляды сельскагаспадарчай тэхнікі.
Як расказаў сам аўтар блога ў апісанні, кожнае лета ён працуе на машыне "GS10 Палессе". Дарэчы, гэта не асноўная праца, а хобі: неўзабаве Лемяшэўскі стане школьным настаўнікам.
Хоць пакуль у блогера не так шмат падпісчыкаў, некаторыя яго "агравідэа" збіраюць па некалькі тысяч праглядаў.
Неўзабаве, магчыма, "Будні камбайнера" чакае такі ж поспех, як і іншы вядомы аграблог — "Будні трактарыста". У гэтага канала практычна 90 тысяч падпісчыкаў і адданая армія фанатаў у сацыяльных сетках.