МІНСК, 31 ліп — Sputnik. Наступнае вялікае супрацьстаянне Марса адбудзецца толькі ў верасні 2035 года, сведчаць дадзеныя Маскоўскага планетарыя.
Вялікае супрацьстаянне Марса працягваецца ўжо некалькі дзён — у прыватнасці, яно супала з месяцовым зацьменнем, з-за чаго жыхары планеты маглі назіраць адразу дзве астранамічныя з'явы адначасова.
Свайго апагею супрацьстаянне дасягне ў аўторак: у гэты дзень адлегласць паміж Зямлёй і Марсам складзе каля 56,8 мільёна кіламетраў і будзе самай кароткай за апошнія 15 гадоў.
Наступнае вялікае супрацьстаянне Марса адбудзецца толькі ў верасні 2035 года, а ў наступны раз рэкордна блізка Чырвоная планета да Зямлі падыдзе толькі ў 2287 годзе.
Дзякуючы такому набліжэнню Марс можна будзе разгледзець з Зямлі — ён будзе саступаць па яркасці толькі Сонцу, Месяцу і Венеры. Бачны дыяметр планеты ў гэтыя дні павялічаны ў пяць разоў, а пры дапамозе тэлескопа можна разгледзець нават элементы паверхні. Магчыма нешта разгледзець і ў бінокль — яркі чырвоны дыск.
Узыдзе планета над беларускай сталіцай а 21:41 у паўднёва-ўсходняй частцы неба. Максімальная вышыня — 10°, зойдзе Марс за гарызонт у 04:17.