МІНСК, 1 жні — Sputnik. Рэкордную колькасць заявак падалі жадаючыя паўдзельнічаць у "Восеньскім салоне" гэтага года, паведамілі ў прэс-службе Белгазпрамбанка.
Па інфармацыі арганізатараў, было пададзена 468 заявак, тады як ў 2017 годзе гэтая лічба склала 320 заявак, а ў 2016 годзе — 311. Большасць жадаючых паўдзельнічаць — прыкладна 70% — гэта моладзь ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў.
Сярэдні кошт работы, прадстаўленай для ўдзелу ў маштабным арт-праекце, складае 2530 беларускіх рублёў. Кошт вар'іруецца ад 14 да 57 932 рублёў. У гэтым годзе ў пазаконкурснай праграме ўпершыню прадставяць творы мастацтва ад уладальнікаў, а не толькі ад мастакоў.
Прадстаўленыя работы чакае конкурсны адбор, па выніках якога адбудзецца выстава-продаж у Палацы мастацтваў. Па выніках выставы міжнароднае журы вызначыць пераможцу, які атрымае падтрымку ў прафесійным развіцці.
"Восеньскі салон" пройдзе ў чацвёрты раз у Палацы мастацтваў з 4 кастрычніка па 5 лістапада.