МІНСК, 10 жні — Sputnik. Умовы для фарміравання ўраджаю сярэднеспелых і познаспелых гатункаў бульбы пагоршыліся з-за гарачага надвор'я, паведамілі ў пятніцу ў Белгідрамеце.
Лета 2018 года выдалася няўдалым для ўсяго ўраджаю. Пасля чэрвеньскай засухі, ліпеньскіх дажджоў і вяртання спёкі ў жніўні пацярпелі пасевы, горш пладаносяць і дрэвы. Аказваецца, пад пагрозай нават ураджай аднаго з сімвалаў Беларусі — бульбы.
"У сувязі з усталяваннем гарачага надвор'я аграметэаралагічныя ўмовы для фарміравання ўраджаю сярэднеспелых і познаспелых гатункаў бульбы пагоршыліся", — паведамілі ў Белгідрамеце.
Па дадзеных метэаролагаў, сярэдняя тэмпература глебы на глыбіні ў дзесяць сантыметраў прыкметна вышэй за патрабаваную.
"Практычна на ўсёй тэрыторыі рэспублікі ў бульбы скончылася красаванне, у раннеспелых і сярэднеспелых гатункаў пераважна ў Гомельскай вобласці адзначаецца натуральнае завяданне бацвіння. Па звестках шэрагу метэастанцый Гомельскай, Мінскай і Віцебскай абласцей пасадкі бульбы пашкоджаны фітафторай", — адзначылі метэаролагі.
У бліжэйшы час спёка ў Беларусі захаваецца — гэта таксама будзе ўскладняць ўмовы для росту клубняў. Горш за ўсё прыйдзецца познаспелым гатункам бульбы.
Якога аб'ёму ўраджаю бульбы Беларусь не далічыцца, метэаролагі не распавядаюць. У мінулым годзе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы сабралі амаль шэсць мільёнаў тон бульбы.