МІНСК, 12 жні — Sputnik. Пік метэорнага патоку Персеіды прыйдзецца на ноч з нядзелі на панядзелак, паведамілі Sputnik астраномы.
Персеіды — адзін з самых яркіх і ўражлівых зарападаў у годзе, які традыцыйна прыпадае на сярэдзіну жніўня.
Ужо ўначы з 12 на 13 жніўня метэорны паток Персеіды будзе, як кажуць, у сваёй лепшай форме. У начныя гадзіны можна будзе ўбачыць да 110 знічак за гадзіну — некаторыя і няўзброеным вокам, іншыя — толькі ў біноклі або тэлескопы.
Зрэшты, любавацца знічкамі можна было і да нядзелі — метэорны паток дорыць прыгажосць на працягу некалькіх тыдняў. Завершыцца ён да 24 жніўня.
Незвычайнае відовішча звязана з тым, што Зямля праходзіць праз рэшткі хваста каметы Сівфта-Тутля. Зараз камета досыць далёка ад планеты, але назіраць знічкі і любавацца метэорамі мы можам да гэтага часу.
Вылятаюць метэоры з сузор'я Персея, аднак лепш за ўсё іх будзе відаць каля сузор'яў Цэфей і Лебедзь. У гэтым годзе аматарам касмічнай прыгажосці пашанцавала: на гэтыя даты даводзіцца маладзік, то бок месяцовы дыск не будзе адцягваць ад знічак.