МІНСК, 13 жні — Sputnik. Міністэрства інфармацыі плануе ўпарадкаваць тэрміналогію ў дачыненні да ўдзельнікаў медыйнай прасторы, заявіў у эфіры тэлеканала СТБ кіраўнік ведамства Аляксандр Карлюкевіч.
Папраўкі ў закон "Аб сродках масавай інфармацыі" ўступяць у сілу 1 снежня гэтага года.
"Безумоўна, калі гаварыць пра тыя заканадаўчыя папраўкі, якія пачнуць працаваць з 1 снежня, то мне здаецца, што ёсць нам яшчэ над чым працаваць. І, безумоўна, хацелася б, каб журналісцкія арганізацыі ўносілі ініцыятывы, каб мы рухаліся далей", — адзначыў кіраўнік Мінінфарма.
У профільным ведамстве таксама хочуць ушчыльную заняцца паняццем "нацыянальны тэлевізійны кантэнт". Па словах міністра, зараз рыхтуецца адпаведная пастанова беларускага ўраду.
"Над ім зараз працуюць супрацоўнікі Міністэрства інфармацыі і журналісцкая тэлевізійная супольнасць. Праект гэтай пастановы будзем шырока абмяркоўваць", — сказаў Аляксандр Карлюкевіч.
Ёсць яшчэ цэлы шэраг момантаў, адзначыў Карлюкевіч, над якімі можна працаваць у заканадаўчым плане — у тым ліку і з тлумачэннем тэрміналогіі. У прыклад ён прывёў "фэйковые навіны", аднак ёсць і іншыя.
"Мне здаецца, трэба вярнуцца да разгляду самога тэрміна "фрылансер" і больш грунтоўна пагаварыць пра гэта, і ўнесці пэўныя ініцыятывы. Мы будзем вельмі шырока прыслухоўвацца да журналісцкай грамадскасці ў вызначэнні ўсіх гэтых пазіцый", — паабяцаў міністр.