МІНСК, 13 жні — Sputnik. Аршанскі мясакансервавы камбінат да лістапада 2020 года неабходна зрабіць адным з лепшых прадпрыемстваў у галіне, такую задачу ў панядзелак падчас наведвання прадпрыемства паставіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар у панядзелак знаходзіцца з рабочым візітам у Аршанскім раёне. Кіраўнік дзяржавы ўжо пабываў на інструментальным заводзе, а пазней наведаў і іншыя прадпрыемствы рэгіёну.
Так, Лукашэнка наведаў і Аршанскі мясакансервавы камбінат. Ён праінспектаваў некалькі цэхаў і раскрытыкаваў гаспадарчую дзейнасць прадпрыемства, утрыманне памяшканняў і матэрыяльна-тэхнічнай базы.
"Да 7 лістапада 2020 года тут гэтага быць не павінна. Трэба вылучыць сродкі, арганізаваць новы забойны цэх, усё гэта знесці (у дачыненні да старых будынкаў — Sputnik) і зрабіць сучаснае прадпрыемства. Яно павінна быць як самыя лепшыя мясакамбінаты", — заявіў Лукашэнка.
Акрамя Аршанскага МКК, пабываў прэзідэнт і на "Оршааграпраммаш" (уваходзіць у холдынг "Бабруйскаграмаш"). Гендырэктар прадпрыемства Аляксандр Ерамееў папрасіў дапамагчы ў рэструктурызацыі даўгоў на 50 мільёнаў рублёў. Эканамічны эфект, па словах кіраўніка "Бабруйскаграмаша", можа скласці 10,2 мільёна рублёў, а просяць на прадпрыемстве не лішніх грошай, а адтэрміноўку.
Лукашэнка даручыў сваёй адміністрацыі тэрмінова разабрацца ў пытанні, далажыць і ўнесці прапановы.
"Але май на ўвазе, не дай бог не будзе выкананы ўказ, і ты зноў прыйдзеш за адтэрміноўкай або растэрміноўкай — крыўдуй сам на сябе", — папярэдзіў Лукашэнка.