МІНСК, 14 жні — Sputnik. Улады Беларусі не павінны дапусціць, каб палова насельніцтва краіны пражывала ў Мінску і яго ваколіцах, заявіў у аўторак у Оршы прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы 14 жніўня правёў у райцэнтры пасяджэнне ўрада, на якім раскрытыкаваў працу Саўміна і мясцовых органаў улады па выкананню сваіх даручэнняў па развіцці рэгіёну. Падняў Лукашэнка і пытанне адтоку насельніцтва з невялікіх гарадоў, у тым ліку Оршы, у сталіцу ў пагоні за заробкамі.
"Мы не можам дапусціць, каб дзесяцімільённая краіна напалову размясцілася ў Мінску і яго ваколіцах", — заявіў беларускі лідар.
Прэзідэнт у сувязі з гэтым прывёў прыклад Расіі і яе сталіцы Масквы. Паводле слоў Лукашэнкі, падобнага размяшчэння насельніцтва, як у сталічным рэгіёне РФ, у Беларусі быць не павінна.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў цяперашні час вельмі востра паўстала пытанне размеркавання прадукцыйных сіл у рэспубліцы — яно павінна быць раўнамернае па ўсёй краіне.
Выйсці з сітуацыі, якая склалася, на думку Лукашэнкі, можна абмежаваннем будаўніцтва жылля ў Мінску і развіццём райцэнтраў, пасёлкаў гарадскога тыпу і малых гарадоў.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы чарговы раз папракнуў Савет міністраў за адсутнасць сістэмнай работы па развіццю Оршы і раёна. "Гэтага не зроблена", — канстатаваў ён.