МІНСК, 15 жні — Sputnik. Беларускія вышэйшыя навучальныя ўстановы сёлета набралі 50 400 студэнтаў, паведаміла журналістам першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Ірына Старавойтава.
Прыёмная кампанія ў беларускія ВНУ завяршылася напачатку жніўня: адбылося залічэнне як на бюджэтную, так і на платную формы атрымання адукацыі.
"У гэтым годзе 42 установы вышэйшай адукацыі дзяржаўных і дзевяць прыватных прымалі дакументы ад абітурыентаў", — распавяла Старавойтава.
Паводле слоў намесніка міністра, у цэлым ВНУ набралі 50 400 студэнтаў. Бясплатна вучыцца будуць 26 400 чалавек, платна — 24 тысячы чалавек. На дзённую форму атрымання адукацыі прынята 21,7 тысячы чалавек.
"Шэраг спецыяльнасцяў апынуліся найбольш запатрабаванымі — напрыклад, рэжысура кіно і тэлебачання — больш за шэсць чалавек на месца. Ці спартыўна-турыстычная дзейнасць — сем чалавек на месца. На адно месца графічнага дызайну прэтэндавалі 11 абітурыентаў", — прывяла прыклад Старавойтава.
Сярод спецыяльнасцяў з найбольш высокімі прахаднымі баламі былі міжнароднае права, стаматалогія, сучасныя замежныя мовы, арганізацыя паветраных палётаў, адзначыла намеснік міністра. Невысокія балы былі на такія спецыяльнасці, як лясная гаспадарка і вытворчасць тэкстыльных матэрыялаў.