У аўторак, 14 жніўня, на 73-м годзе жыцця памёр народны артыст Беларусі, любімы гледачамі акцёр тэатра і кіно Мікалай Міхайлавіч Кірычэнка, які аддаў роднай для яго сцэне тэатра імя Янкі Купалы без малога паўстагоддзя. Дата і час развітання з легендарным артыстам стануць вядомыя пазней.
Мікалай Кірычэнка — сапраўды легенда беларускай тэатральнай сцэны, гэта чалавек, які стварыў велізарную колькасць рознапланавых акцёрскіх вобразаў і на сцэне, і ў кіно, і на тэлебачанні, і быў выдатным выкладчыкам для маладога акцёрскага пакалення, сказаў у гутарцы на радыё Sputnik Беларусь заслужаны артыст краіны Яўген Крыжаноўскі.
"З Мікалаем Кірычэнкам я прапрацаваў у Купалаўскім тэатры 12 гадоў, мелі добрыя адносіны, я ведаў яго сям'ю, яго хобі, ён быў чалавекам вельмі рознабаковым. Любое пытанне аб палітыцы, эканоміцы, мастацтве, літаратуры — ён усё ведаў, і мы яго нават называлі "Знайкам". Але ў першую чаргу, рознабаковая натура паўставала на сцэне — ад трагічных роляў да камічных і тэатральных капуснікаў", — распавёў Крыжаноўскі.
Нягледзячы на шматлікія ганаровыя званні і той перыяд, калі Мікалай Кірычэнка кіраваў Купалаўскім тэатрам, ён заўсёды быў гатовы на любыя эксперыменты, і ў ім не было ніякай фанабэрыі, гэта сапраўдная страта, адзначыў суразмоўца Sputnik.
Гутарку з заслужаным артыстам Беларусі Яўгенам Крыжаноўскім слухайце на радыё Sputnik Беларусь.