МІНСК, 16 жні — Sputnik. Амаль 77 мільёнаў рублёў выдзеляць з рэспубліканскага бюджэту за кошт рэзервовага фонду прэзідэнта Беларусі на рэалізацыю мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні II Еўрапейскіх гульняў 2019 года, паведаміла прэс-служба беларускага лідара.
Адпаведны Указ №315 падпісаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў сераду, 15 жніўня.
"Гэтыя сродкі накіруюць на правядзенне работ па капітальным і бягучым рамонце, добраўпарадкаванні Палаца спорту, рэспубліканскіх цэнтраў алімпійскай падрыхтоўкі па вяслярных відах спорту і па тэнісе", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.
Таксама сродкі пойдуць на падрыхтоўку спартыўных аб'ектаў па месцы пражывання ўдзельнікаў Еўрапейскіх гульняў і інтэрнаты для рассялення часткі студэнтаў, якія пражываюць у комплексе "Студэнцкая вёска".
Частка грашовых сродкаў з названай сумы будзе выдзелена на размяшчэнне тэматычных матэрыялаў у вядучых еўрапейскіх сродках масавай інфармацыі, арганізацыю і правядзенне допінг-кантролю спартсменаў і набыццё паслуг праграмна-тэхнічнага блока для правядзення спаборніцтваў.
Савету міністраў даручана пры фарміраванні рэспубліканскага бюджэту на 2019 год прадугледзець грашовыя сродкі для працягу рэалізацыі пералічаных мерапрыемстваў.
II Еўрапейскія гульні пройдуць у Беларусі ў 2019 годзе. Цяпер рэспубліка вядзе актыўную падрыхтоўку па правядзенні спаборніцтваў, адметнай асаблівасцю якіх павінна стаць душэўнасць. Да спаборніцтваў спартсменаў ужо гатовы стадыён "Дынама", працягвае развівацца і інфраструктура горада.