МІНСК, 20 жні — Sputnik. Егіпецкія навукоўцы, якія даследуюць астанкі, выяўленыя ў таямнічым чорным саркафагу, знойдзеным у Александрыі, даведаліся, хто ў ім быў пахаваны.
Чорны саркафаг знайшлі ў пачатку ліпеня падчас будаўнічых работ на глыбіні каля пяці метраў. Калі яго выявілі, знайшлі тры муміі, пашкоджаныя вадой. Як мяркуецца, час пахавання датуецца IV-III стагоддзямі да нашай эры.
Як праінфармавала Міністэрства па справах помнікаў старажытнасці Егіпта, у саркафагу былі пахаваныя двое мужчын — адзін узросту 35-39 гадоў, другі — 40-44 гадоў і маладая (каля 20-25 гадоў) жанчына.
Паводле інфармацыі кіраўніка савета па пытаннях помнікаў старажытнасці Мустафы аль-Вазіры, магчыма, змяшчалі целы ў саркафаг у два этапы — пра гэта можна казаць, мяркуючы па размяшчэнні парэшткаў.
Навукоўцы таксама раскрылі верагоднае паходжанне адтуліны ў чэрапе аднаго з мужчын: яно з'явілася пасля трэпанацыі чэрапа — такія аперацыі раней рабілі нярэдка, але ў Старажытным Егіпце сведчанняў пра гэта вельмі мала.
Паведамляецца, што даследаванне астанкаў працягнецца — навукоўцы плануюць правесці ДНК-экспертызы, каб высветліць, ці былі пахаваныя ў адным саркафагу людзі сваякамі. Акрамя таго, даследчыкі маюць намер вывучыць склад вадкасці, якую адпампавалі з саркафага.