Тамара Байкова гатовая хутчэй пераараць гектар зямлі, чым вярнуцца да людзей — ад жыцця ў вёсцы засталіся дрэнныя ўспаміны. Разам з мужам Юрыем яна ўжо больш за чвэрць стагоддзя жыве недалёка ад беларуска-расійскай мяжы. Муж і жонка разводзяць качак і курэй, коз, вырошчваюць гародніну.
Калі ім чагосьці не хапае, пра 69-гадовых бацькоў можа паклапаціцца дачка Вераніка. Але іншых кантактаў з вялікім светам яны пазбягаюць. Ежы тут хапае, куры і качкі забяспечваюць яйкамі, козы — малаком і тварагом. Нічога залішняга.
Электрычнасці ў хаце няма, а ваду бяруць з ракі. Выгадаваную на ўчастку гародніну Вераніка прадае ў Расіі. Дом знаходзіцца недалёка ад мяжы, да бліжэйшай беларускай вёскі — каля 15 кіламетраў. А расійскія вёскі ў некалькіх сотнях метраў за ракой. Там і жыве Вераніка, у якой таксама падрастае дачка.
У 1991 годзе сям'і выдзелілі ўчастак у лесе. Раней яны жылі і працавалі ў вёсцы, разводзілі жывёл і птушку. Аднак частыя канфлікты з суседзямі падштурхнулі да пераезду. Атрымаўшы ўчастак, узялі з сабой пяць кароў і інструменты і адправіліся ў лес. Там збудавалі хаціну, якая павінна была стаць часовым жыллём, але з-за недахопу грошай і бюракратычных перашкод хаціна стала пастаянным домам.