Новыя графіці ў Віцебску: адкуль "ногі растуць"

© Sputnik / Павел ВурГрафіці ў Віцебску
Графіці ў Віцебску - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Апошняе графіці, якое з'явілася ў горадзе на Дзвіне, было выканана ў незвычайнай трафарэтнай тэхніцы.

ВІЦЕБСК, 22 жні — Sputnik. Стрыт-арт-праект "Гравітацыя" аб'яднаў вулічных мастакоў з усёй Беларусі, яны па чарзе ствараюць свае малюнкі на сценах віцебскіх будынкаў. Галоўная мэта праекта — "ажывіць" вуліцы яркімі графіці.

Новы мурал у Мінску - Sputnik Беларусь
Новы мурал у Мінску: аўстраліец натхніўся IT-краінай і Драздовічам

Графіці ў Віцебску — асаблівая тэма, на сценах пастаянна з'яўляюцца прафесійныя малюнкі, якія напаўняюць горад новым і незвычайным. Дзякуючы вулічным мастакам гаражы і старыя пабудовы ажываюць. У гэтым годзе ў горадзе з'явілася некалькі новых работ у рамках праекта "Гравітацыя".

"Ідэя аднавіць пасля пяцігадовага перапынку "Гравітацыю" прыйшла віцебскаму вулічнаму мастаку УРА, яго працы вядомыя і пазнавальныя ў нашым горадзе. Ён вёў перамовы з графіцістамі, якія гатовыя былі прыехаць у Віцебск", — распавяла куратар праекта Вольга Бізікава.

Асаблівасць сёлетняга творчага сезона ў тым, што вулічныя мастакі з розных куткоў Беларусі прыязджаюць у Віцебск па чарзе і ствараюць малюнкі ў віцебскіх дварах абсалютна бясплатна. Некалькі твораў ужо ўпрыгожылі сцены гаражоў і гаспадарчых збудаванняў.

Праца, якая нядаўна з'явілася непадалёк ад гасцініцы "Эрыдан", па вуліцы Суворава, 19, цікавая тым, што была выканана ў трафарэтнай тэхніцы. Яе аўтар, мастак з Ліды Сяргей Русак, вырабляў трафарэт на працягу тыдня.

"Такі спосаб стварэння малюнкаў я абраў даўно і пастаянна адточваю майстэрства, эксперыментуючы з рознымі паверхнямі, маштабамі, матэрыяламі. Гэта не першы праект, у якім я выкарыстаў трафарэтную тэхніку. Эскіз карэктаваў ужо на месцы", — адзначыў Сяргей Русак.

На стварэнне працы аўтару спатрэбіўся адзін дзень. У рамках праекта "Гравітацыя" Сяргей намаляваў графіці па фатаграфіі Віктара Драчова з серыі "Чарнобыльская зона. 20 гадоў". Гэтая праца атрымала Гран-пры на конкурсе "Прэс-фота Беларусі" ў 2010 годзе. На здымку адлюстраваны жыхар вёскі Стралічава Яўген Штанюк са сваім катом. Мастак паспрабаваў перадаць цеплыню фатаграфіі. Цяпер графіці ўпрыгожвае сцяну ў гістарычным цэнтры Віцебска.

Арганізатары праекта "Гравітацыя" адзначаюць, што хутка ў горадзе з'явіцца яшчэ дзве працы графіцістаў, якія ўжо ўзгоднены з гарвыканкамам. Яны не выключаюць і з'яўленні новых ідэй, якія ўдасца рэалізаваць.

Стужка навiн
0