МІНСК, 24 жні — Sputnik. У пятніцу ў Мінску адкрылі мемарыяльную дошку былому старшыні Мінгарвыканкама Васілю Шарапаву, перадае карэспандэнт Sputnik.
Урачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі на доме нумар 4 па завулку Бранявому, дзе доўгі час пражываў Васіль Шарапаў, адбылося ў дзень яго нараджэння — сёння былому мэру споўнілася б 102 гады.
"У кожнага, хто асабіста ведаў Васіля Іванавіча, свае глыбокія ўспаміны пра яго. Калі ўспамінаеш пра яго, міжволі думаеш пра лёс сваёй краіны і горада. Гэта сапраўды легендарная асоба! Большую частку свайго актыўнага жыцця ён прысвяціў сталіцы. Ён адраджаў разбураны вайной горад і будаваў новы Мінск", — адзначыў старшыня Мінскага гарадскога савета дэпутатаў Васіль Панасюк, які разам з сынам Васіля Шарапава адкрываў мемарыяльную дошку.
Васіль Шарапаў нарадзіўся 25 жніўня 1916 года ў Сенненскім павеце Магілёўскай губерніі. З 1937 года служыў у Чырвонай арміі, падчас Вялікай Айчыннай вайны страціў нагу. У партыйнай рабоце прымаў удзел з 1944 года.
На працягу трынаццаці гадоў, са студзеня 1955 года па студзень 1968 года, Шарапаў быў кіраўніком Мінгарвыканкама. У 1972-1989 гадах быў міністрам будаўніцтва і эксплуатацыі аўтамабільных дарог БССР.
У 2014 годзе былому мэру сталіцы прысвоілі званне "Мінчанін года", а 29 чэрвеня 2016 года ён стаў ганаровым грамадзянінам Мінска. Пры непасрэдным удзеле Васіля Шарапава былі створаны такія прадпрыемствы, як "Мінскбуд", "Мінскводаканал", "Мінгаз". Акрамя таго, былі пабудаваныя шматлікія будынкі, у тым ліку будынак Мінгарвыканкама. Ён прыклаў вялізныя намаганні для развіцця інфраструктуры Мінска.
Васіль Шарапаў памёр 5 сакавіка 2017 года на 101-м годзе жыцця.