ХК "Нёман" у трэці раз выйграў Кубак Руслана Салея

© Sputnik / Виталий Белоусов / Перайсці ў медыябанкХакей, архіўнае фота
Хакей, архіўнае фота - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Каманду Сяргея Пушкова чакае старт у Лізе чэмпіёнаў, 31 жніўня гродзенцы прымуць чэшскую "Камету".

МІНСК, 25 жні — Sputnik. Хакеісты "Нёмана" ў трэці раз у гісторыі клуба заваявалі Кубак Беларусі, у фінальным матчы яны абыгралі "Дынама-Маладзечна".

Ганаровы трафей носіць імя славутага беларускага гульца Руслана Салея. Вырашальны матч адбыўся ў Маладзечне. Гаспадары пляцоўкі адкрылі лік на дзесятай хвіліне першага перыяду. Вызначыўся Станіслаў Кучкін.

У другім перыядзе больш упэўнена глядзеўся гродзенскі "Нёман". Дакладныя кідкі Рамана Шубы і Міхаіла Хараманды вывелі клуб наперад.

Аднак "Дынама" здавацца не збіралася, і пасля адпачынку форвард гаспадароў Сяргей Багалейша зрабіў лік роўным. У сярэдзіне трэцяга перыяду "Нёман" выйшаў наперад, дзякуючы Аляксандру Маляўку, які спрытна сыграў на дабіванні шайбы на пятачкі. Чацвёртую шайбу ў вароты гаспадароў закінуў Антон Елісеенка (4:2).

У мінулым сезоне уладальнікам ганаровага трафея быў "Гомель". Гродзенскі "Нёман" раней заваёўваў Кубак рэспублікі ў 2014-м і 2016 гадах.

Другі па значнасці нацыянальны трафей сёмы сезон носіць імя былога капітана зборнай Беларусі па хакеі, які трагічна загінуў у авіякатастрофе пад Яраслаўлем.

У надыходзячым хакейным сезоне гродзенцы стартуюць у Лізе чэмпіёнаў, 31 жніўня хакеісты прымуць чэшскую "Камету".

Стужка навiн
0