У гэтым годзе ў Міжнародным фестывалі феерверкаў "Навальніца 2018", які праходзіць у суботу, 25 жніўня, у гарналыжным комплексе "Лагойск", прымаюць удзел каманды піратэхнікаў-прафесіяналаў з Літвы, Латвіі і традыцыйна Расіі. Усе каманды — вельмі моцныя, лідары рынку ў сваіх краінах, і ў кожнай — багаты вопыт удзелу ў фестывалях і дзяржаўных святах, распавёў у прэс-цэнтры Sputnik Беларусь арганізатар фестывалю "Навальніца 2018" Ігар Сідаровіч.
"Праграмы піратэхнікаў трымаюцца ў сакрэце да апошняга моманту. Мы, калі шчыра, нават не ведаем фанаграмы, пад якія каманды будуць выступаць, яны таксама сакрэтныя. Магчыма, гэта разлік на вау-эфект, але паглядзім", — кажа Сідаровіч.
У кожнай камандзе ад 3 да 6 чалавек, якім будуць дапамагаць беларускія спецыялісты-піратэхнікі. Праграмы каманд-удзельніц будуць доўжыцца па 7 хвілін. Як адзначае арганізатар шоу, камусьці здаецца, што гэтага мала, але на самой справе гэта вялікі прамежак часу, за які піратэхнікі паспяваюць выкарыстаць парадку паўтара-дзвюх тысяч разнастайных феерверкаў і іншых піратэхнічных вырабаў.
"Усе каманды будуць змагацца за гран-пры. З нашага вопыту — ты ніколі не зоймеш нават трэцяга месца, калі ты едзеш не першым. Яны ўсе едуць за першым месцам, аўтсайдэраў тут няма", — адзначае Сідаровіч.
Прызы для пераможцаў фестывалю "Навальніца 2018" створаны майстрамі з Віцебска. Гэта ручная, эксклюзіўная, фактычна, ювелірная праца з металу і дрэва, упрыгожаная лагатыпам фестывалю, беларускім арнаментам, і гэта сапраўдная памяць пра Беларусь, кажа арганізатар фэсту.
Фестывальная праграма ў комплексе "Лагойск" стартавала днём, тут працуюць дзіцячыя спартыўныя і гульнявыя пляцоўкі, у тым ліку юныя наведвальнікі могуць прыняць удзел у холі-фэсце, таксама дзейнічаюць прасторны фуд-корт, пляцоўкі для барбекю і пляжная зона з аэратрубой.
Цырымонія адкрыцця фестывалю і канцэрт гуртоў "Маланка Orchestra", "Крамбамбуля" і Brutto запланаваны на 7 вечара, а самая відовішчная частка фестывалю — бітва каманд піратэхнікаў — пачнецца з надыходам цемры ў 22 гадзіны.
Фрагмент гутаркі з арганізатарам фэсту феерверкаў "Навальніца 2018." Ігарам Сідаровічам слухайце на радыё Sputnik Беларусь.