МІНСК, 26 жні — Sputnik. У Мінску развіталіся з вядомым журналістам і паэтам Алесем Ліпаем, перадае з месца падзеяў карэспандэнт Sputnik.
Заснавальнік найстарэйшага недзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН раптоўна памёр у чацвер у чацвёртай гарадской клінічнай бальніцы. У цяперашні час прычына яго смерці не агучваецца.

Развітацца з Алесем Ліпаем прыйшлі самыя вядомыя журналісты 90-х і апошніх гадоў: Іосіф Сярэдзіч, Святлана Калінкіна, Марына Золатава, Сяргей Калякін, Уладзімір Глод, Аляксандр Тамковіч, Аляксандр Старыкевіч, Аляксандр Фядута, Жана Літвіна. Прыйшлі таксама маладыя рэпарцёры, палітыкі, палітолагі, культурныя дзеячы. Пасля цырымоніі журналіста даставілі ў горад Рудзенск у Пухавіцкім раёне, дзе ён быў пахаваны побач з маці і сястрой.

Алесь Ліпай — выпускнік беларускага журфака. Свой шлях пачынаў карэспандэнтам газеты "Знамя юности", быў першым карэспандэнтам "Радыё Свабода" ў Беларусі.
У 1991 годзе заснаваў першае ў краіне недзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва.

Ліпай — аўтар некалькіх паэтычных зборнікаў.
Рэдакцыя Sputnik выказвае свае глыбокія спачуванні родным, блізкім, сябрам і калегам Алеся Ліпая.