МІНСК, 30 жні — Sputnik. Шведскі гурт Secret Service наведаў мультымедыйны прэс-цэнтр Sputnik Беларусь і адказаў на пытанні журналістаў.
Secret Service — адзін з найбольш вядомых музычных гуртоў у 80-х гадах. Іх песні любілі нават у закрытым Савецкім Саюзе, а без хіта Flash in the Night не абыходзілася ніводная дыскатэка.
Secret Service і Мінск
У мінулую пятніцу шведскія музыкі ў чарговы раз прыехалі ў Менск. У беларускай сталіцы ў іх быў запланаваны прыватны канцэрт.
У Беларусі, як адзначылі самі ўдзельнікі калектыву, яны — частыя госці. І разам з тым паглядзець нашу краіну ім да гэтага часу не ўдаецца — занадта загружаны графік.
"У мінулым годзе мы ўпершыню за ўвесь час не елі ў гасцініцы. Пад'елі на вуліцы ў вельмі прыемным рэстаранчыку. А так звычайна не вылазім з гасцініцы", — распавёў вакаліст Мікаэль Эрландсан.
Кампазітар Цім Норал дадаў, што нягледзячы на гэта Мінск яму здаецца вельмі "прыемным горадам".
"Я быў з хлопцамі ў Мінску некалькі разоў. Шпацыраваў і блукаў. Маё меркаванне, што гэта вельмі прыемны горад", — дадаў ён.
Ну а тое, што Secret Service і Цім Норал супрацоўнічаюць з беларускімі музыкамі — даўно вядомы факт. У гэтым годзе Цім напісаў для Гюнеш песню I will not cry, з якой яна спрабавалася на нацыянальны адбор "Еўрабачання". Музыка не хавае свайго засмучэння, што журы спыніла свой выбар на ўкраінскім артысце Alekseev.
"У Беларусі шмат таленавітых артыстаў! Я не мог глядзець выступленне Alekseev на "Еўрабачанні". Ён фальшывіў", — адзначыў Норал.
Думкі пра "Еўрабачанне"
Норал прызнаўся, што конкурс "Еўрабачанне", на яго думку, моцна здаў за апошні час.
У 80-х на ім было значна больш музыкі, пераконвае кампазітар.
"Цяпер вялікую ролю адыгрывае тэхніка і ўсё вакол, а не сама музыка. У 80-я гады музыка была значна лепш, чым цяпер", — падкрэсліў музыкант.
Падтрымаў калегу ў гэтым і Андэрс Хансан, які звярнуў увагу, што сёння ўсе песні канкурсантаў забываюцца.
"Калі ABBA выйграла, усе маглі гэтую песню спяваць. Тыя песні, якія выйграюць зараз, пра іх толькі кажуць. І ўсё гэта адразу забываецца", — сказаў ён.
Норал у сваю чаргу дадаў: ці зможа хто-небудзь выканаць кампазіцыю пераможцы "Еўрабачання" Неты Барзілай?
"Усе песні падобныя адна на адну. Аранжыроўкі падобныя адна на адну. Трэба вельмі доўга думаць, каго можна вылучыць на гэтым фоне", — рэзюмаваў Эрландсан.
Любімая група СССР Secret Service адказала і на іншыя пытанні журналістаў, а таксама праспявала ўжывую ў рэдакцыі Sputnik.