МІНСК, 30 жні — Sputnik. Саюзнай дзяржаве неабходна надаць юрыдычны статус, заявіў у чацвер журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.
Сурыкаў у чацвер даў развітальную прэс-канферэнцыю для беларускіх журналістаў — неўзабаве ён пакідае Мінск пасля 12 гадоў працы паслом. У ходзе размовы з журналістамі ён пракаментаваў і развіццё за час яго працы праекта Саюзнай дзяржавы.
"Саюзная дзяржава — гэта адзіны на прасторах СНД найбольш блізкі і цесны фармат супрацоўніцтва", — упэўнены Сурыкаў.
Пры гэтым, мяркуе пасол, трэба падумаць і пра змест дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы — нешта там магло страціць актуальнасць.
"Праект Саюзнай дзяржавы трэба развіваць. Магчыма, трэба паглядзець той дагавор з пункту гледжання актуальнасці некаторых аспектаў. І надаць Саюзнай дзяржаве юрыдычны аспект. У той жа ЕАЭС ён ёсць, ён суб'ект міжнароднага права, а ў СД пакуль няма", — прапанаваў Сурыкаў.
Бліжэй расіян для беларусаў нікога няма, нагадаў пасол, як і беларусаў для расіян. Таму ён выступае і за ўмацаванне сувязяў паміж краінамі і народамі, і за паляпшэнне жыцця жыхароў абедзвюх краін.