МІНСК, 31 жні — Sputnik. Беларускі Арына Сабаленка і Аляксандра Сасновіч паспяхова пераадолелі другі круг Адкрытага чэмпіянату ЗША і выйшлі ў 1/16 фіналу.
Сабаленка (20 месца ў рэйтынгу WTA) перамагла ў матчы з прадстаўніцай Расіі Верай Званаровай (133 WTA) з лікам 6:3, 7:6 (9:7). Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 41 хвіліну.
Сасновіч (33 WTA) таксама атрымала перамогу над расіянкай Дар'яй Касаткінай (11 WTA). Матч працягваўся 1 гадзіну 33 хвіліны і скончыўся з лікам 6:2, 7:6 (7:3).
У трэцім крузе Сабаленка сустрэнецца з пятай ракеткай свету Петрай Квітавай з Чэхіі (5 WTA), а Сасновіч — з японкай Наомі Осака (19 WTA). Матчы пройдуць 31 жніўня.
У выпадку перамогі беларускія спартсменкі згуляюць у 1/8 фіналу паміж сабой.
Нагадаем, што раней у трэці круг US Open выйшла і Вікторыя Азаранка (79 WTA), якая перамагла аўстралійку Дар'ю Гаўрылаву (32 WTA). Наступнай саперніцай беларускі будзе амерыканка Слоан Стывенс (3 WTA).
Яшчэ адна прадстаўніца нашай краіны — Вера Лапко (72 WТА) — прайграла бельгійцы Элізе Мартэнс (15 WTA) і пакінула турнір.
Адкрыты чэмпіянат ЗША па тэнісе будзе доўжыцца да 9 верасня. Яго прызавы фонд складае 53 мільёны долараў.