У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ў суботу і нядзелю 8 і 9 верасня ў рамках святкавання Дня Мінска пройдзе ўжо традыцыйная акцыя "Вераснёвая ноч". У гэтым годзе яна атрымала другую назву "Урокі авангарду" і будзе цалкам прысвечана вытокам і развіццю гэтага жанру мастацтва.
Некаторымі падрабязнасцямі цяперашняй акцыі ў студыі радыё Sputnik Беларусь падзяліліся навуковы супрацоўнік аддзела рускага і замежнага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Мікіта Моніч і культарганізатар аддзела навукова-асветніцкай работы музея Юрый Лытко.
"Акцыя "Вераснёвая ноч" дае ў большай ступені, чым звыклая "Ноч музеяў", яна засяродзіцца на экспазіцыі. Калі мы кажам "авангард", то мы маем на ўвазе пачатак ХХ стагоддзя і трошачкі канец ХІХ. Мы не мяняем экспазіцыю цалкам, і авангард — гэта вельмі шырокае паняцце. Мы паспрабуем паднесці наведвальнікам нейкія пункты, звязаныя калі не з першай паловай ХХ стагоддзя, то з яго сярэдзінай", — кажа Лытко.
"Вераснёвая ноч" пройдзе на ўсёй тэрыторыі музея. Акрамя экспазіцыі жывапісу, наведвальнікаў чакаюць аўтарскія экскурсіі, музычныя перформансы, лекцыі, прэм'еры арт-праектаў. Адной з цэнтральных падзей акцыі стане выстава Ізраіля Басава, якая праходзіць у музеі і прымеркаваная да яго стогадовага юбілею.
"З пункту гледжання тактыкі вядзення вайны, авангард — гэта невялікая група, якой можна ахвяраваць. Калі мы кажам пра "Урокі авангарду", мы маем на ўвазе элемент уцягнення: ідзі да нас, у нас ёсць пячэнькі. Прычым не проста пячэнькі, у нас ёсць вельмі шмат з таго, што недаступна абсалютнай большасці беларускага грамадства сёння. Не таму, што яно не можа прыйсці — няма матывацыі. Мы ж даём матывацыю: прыходзьце, улейцеся ў шэрагі, будзьце з тымі, хто на крок наперадзе", — лічыць Моніч.
Акцыя "Вераснёвая ноч" пройдзе ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ў суботу 8 і ў нядзелю 9 верасня. Калі ў суботу будзе насычаная перфомансамі і акцыямі праграма, якая будзе доўжыцца з 13:00 да 22:00, то ў нядзелю асноўная ўвага будзе нададзена дзецям. У кошт нядзельнага білета нават будзе ўваходзіць порцыя гарачага шакаладу.
Гутарку з Мікітам Монічам і Юрыем Лытко ў студыі радыё Sputnik Беларусь глядзіце на відэа.