МІНСК, 5 вер — Sputnik. Арганізатары прэміі Belarus Beauty Awards 2018 абвясцілі старт галасавання за намінантаў прэміі, прагаласаваць можна з 1 верасня па 15 кастрычніка на афіцыйным сайце bba.grd.by.
У прэміі прадстаўлена ў гэтым годзе больш за 150 намінантаў, утрая больш, чым у 2017 годзе. Арганізатары пашырылі колькасць намінацый і галасаваць можна нават за лепшы б'юці-акаўнт у сацсетках.
Пераможцу будуць вызначаць па выніках інтэрнэт-галасавання. У гэтым годзе лепшых будуць вызначаць у чатырох катэгорыях — Beauty, Fitness, Здароўе і ў спецыяльнай намінацыі.
Узнагародзяць усіх удзельнікаў, а асаблівыя падарункі атрымаюць пераможцы. Падтасаваць вынікі галасавання наўрад ці ўдасца, бо для таго, каб падтрымаць канкурсанта, давядзецца прайсці верыфікацыю праз мабільны тэлефон. Упершыню прэмію ўручылі ў 2017 годзе.