МІНСК, 9 вер — Sputnik. Каманда прэзідэнт Беларусі перамагла ў лыжаролернай гонцы, арганізаванай з нагоды Дня горада. Супернікамі Аляксандра Лукашэнкі і яго партнёраў па камандзе былі прадстаўнікі сілавых ведамстваў і органаў дзяржкіравання.
Удзельнікі павінны былі прабегчы чатыры ўчасткі па 2,8 кіламетра. Разам з Аляксандрам Лукашэнкам за перамогу змагаліся алімпійская чэмпіёнка па біятлоне Надзея Скардзіна, канькабежцы Марына Зуева і Ігнат Галавацюк. Прэзідэнт бег на апошнім этапе і фінішаваў першым.
Алімпійская чэмпіёнка Надзея Скардзіна прызналася, што для яе лыжаролерная гонка — збольшага вельмі асабістая гісторыя і ў нейкім сэнсе сімвалізуе спартыўную Беларусь.
"Гонар бегчы тут. Калі я першы раз прыехала ў Мінск, мяне запрасілі разам з трэнерам, тут праходзілі дакладна такія ж спаборніцтвы. І для мяне гэтыя спаборніцтвы тады сімвалізавалі Беларусь як спартыўную краіну", — заявіла Скардзіна у інтэрв'ю СТБ.
Іншая ўдзельніца каманды-пераможцы Марына Зуева прызналася, што да месца старту ехала на роліках ад "Мінск-Арэны" і была ўражаная колькасцю людзей, якія спяшаліся на спартыўнае свята.
Другой прыбегла каманда Камітэта дзяржбяспекі Беларусі, а трэцімі — прадстаўнікі Міністэрства спорту і турызму. Паколькі на завяршальным этапе, згодна з правіламі спаборніцтвы, павінен бегчы кіраўнік ведамства, камандзе КДБ налічылі штрафныя ачкі, і яна заняла выніковае трэцяе месца. А каманда Мінспорту на чале з міністрам Сяргеем Кавальчуком — другое.
Удзельнікамі эстафеты таксама былі каманды Дзяржпагранкамітэта, Дзяржаўнага мытнага камітэта, Міністэрства адукацыі, МНС, МУС, Міністэрства аховы здароўя і Мінабароны, распавядае БелТА. Прычым ратавальнікі выставілі нават дзве дружыны.
Вялікае спартыўнае свята ля Палаца спорту працягнула цэлая серыя відовішчных спаборніцтваў: спаборніцтвы па пажарна-ратавальным спорце, баскетболе 3х3, валейболе, шахматах, парусная "Зорная рэгата".