МІНСК, 11 вер — Sputnik. Будынак кінатэатра "Перамога" ў цэнтры Мінска выстаўлена на аўкцыён, адпаведная інфармацыя апублікаваная Мінскім гарадскім цэнтрам нерухомасці.
Кінатэатр "Перамога", размешчаны на вуліцы Інтэрнацыянальнай, зачынены на рэканструкцыю з пачатку 2017 года. У канцы жніўня было прынята рашэнне, што яго рэканструкцыю правядзе КУП "Мінская спадчына".
Як стала вядома ў аўторак 11 верасня, цяпер будынак кінатэатра выстаўлены на аўкцыён — адпаведная аб'ява апублікавана Мінскім гарадскім цэнтрам нерухомасці. Пройдзе аўкцыён ужо 14 верасня.
Уладальнікі будынка прапануюць доўгатэрміновую арэнду "Перамогі" — на дзесяць гадоў. Стартавы кошт — 1 344,18 рубля ў месяц. Ва ўмовах паказана, што ў будынку павінен быць размешчаны аб'ект грамадскага харчавання або гандлю з кіназалай і захаваннем ранейшай назвы.
Арандатар будзе абавязаны распрацаваць тэхнічную частку праектнай дакументацыі і дызайн інтэр'ераў у гістарычным цэнтры, закупіць матэрыялы для дзвярэй, пакрыцця падлог і аздобных прац, правесці вадаправод і каналізацыю, а таксама святло. Вылучаюць і шэраг іншых патрабаванняў.
Кінатэатр "Перамога" быў адкрыты ў 1950 годзе. Да рэканструкцыі ў ім часта праходзілі паказы еўрапейскага кіно і арт-хаўса. "Перамога" — адзіны ў Беларусі кінатэатр, які з'яўляецца членам Міжнароднай асацыяцыі Europa Cinemas.